У чаканні новага выбранніка

Источник материала:  
23.02.2013 — Новости Мира

Каталікі здзіўляюць свет і зноў чакаюць Папу

11 лютага Бенедзікт XVI абвясціў нечаканае рашэнне: адмовіўся ад Пасаду прастола Папы Рымскага, намесніка святога Пятра і кіраўніка каталіцкага Касцёла. Пантыфік паведаміў аб гэтым у час сустрэчы з кардыналамі. Як вядома, на працягу 600 апошніх гадоў нічога падобнага ў гісторыі Касцёла не здаралася.

У свядомасці сучасных людзей усталявалася меркаванне, што папы выбіраюцца пажыццёва, таму навіна з Ватыкана прагучала як гром сярод яснага неба. Бо, сапраўды, апошнім Папам, які адмаўляўся ад Пасаду, быў Грыгорый ХІІ, якога абралі Папам у 1406 годзе. Тады быў так званы складаны перыяд вялікага падзелу Касцёла. Папа знаходзіўся ў Рыме, антыпапа меў рэзідэнцыю ў французскім Авіньёне. На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў падзел вельмі шкодзіў жыццю Касцёла і выклікаў рознага роду маніпуляцыі і злоўжыванні. Абраны ў Рыме венецыянскі кардынал Анджэла Корэр вырашыў пакласці канец гэтаму цёмнаму перыяду. Ён абвясціў, што адмовіцца ад папскай улады, калі гэта зробіць таксама і той папа, які знаходзіцца ў Авіньёне. Пасля таго, як Пасад святога Пятра вызваліўся, Грыгорый ХІІ стаў звычайным кардыналам і пераехаў у Анкону, дзе і памёр праз два гады.

А самы першы ў гісторыі выпадак, калі Папа адмаўляўся ад сваёй пасады, здарыўся яшчэ ў І стагоддзі хрысціянства. Пяты Папа Клемент І (88—97 гг.) адмовіўся ад пасады па прычыне свайго арышту і выгнання. Пантыфік не жадаў, каб вернікі засталіся без пастырскай апекі, і таму палічыў лепшым, каб Касцёл узначаліў іншы чалавек. У першай палове ІІІ стагоддзя падобны ўчынак зрабіў Папа Панцыян.

У гісторыі шмат разоў паўтараліся выпадкі, калі Папа па розных прычынах быў вымушаны адмаўляцца ад Пасаду. Самым падобным да рашэння Бенедзікта XVI быў учынак Папы Цэлестына V — сціплага і чулага святара, вядомага моцнай верай і любоўю да беднасці і прастаты. Ён жыў у XIII стагоддзі ў італьянскай Аквіле. Сапраўднае імя яго было Пьетра да Маронэ. Святар цаніў адзіноту і шмат часу праводзіў у малітве ў горных пячорах. Яго прыклад быў вельмі прывабным для іншых маладых людзей, якія гуртаваліся вакол яго. З іх Пьетра да Маронэ заснаваў ордэн Братоў Святога Духа, якія затым атрымалі назву «цэлестынцы».

Аб сваім абранні на Пасад гэты святар даведаўся ў адным з любімых горных месцаў, дзе жыў як пустэльнік. Неспадзяваную навіну з Рыма яму прынеслі тры біскупы. Справа ў тым, што ў час канклаву кардыналы доўга не маглі пагадзіцца адносна кандыдатуры Папы. Каб знайсці кампраміс, выбаршчыкі вырашылі перадаць кіраванне Касцёлам простаму і святому чалавеку. Выбар паў на Пьетра да Маронэ. Апошні спрабаваў адмовіцца і пераканаць іерархаў у сваёй негатоўнасці да выканання такой адказнай місіі. Аднак пасля кароткага разважання і малітвы пагадзіўся.

Многія ўплывовыя людзі таго часу спрабавалі выкарыстаць аўтарытэт Папы ў сваіх інтарэсах, нават спрабавалі маніпуляваць ім. З-за гэтага пантыфік вельмі перажываў. Ён не бачыў сябе здольным несці цяжар дадзенай улады і супрацьстаяць хітрым палітыкам.

Праз пяць месяцаў пасля свайго абрання Цэлестын V адмовіўся ад кіравання Касцёлам. Быў скліканы новы канклаў і абраны новы пантыфік.

Такім чынам, рашэнне Бенедзікта XVI, хоць і з’яўляецца нечаканым, мае прэцэдэнты ў гісторыі, падкрэсліваюць кіраўнікі Касцёла ў Беларусі. Яно было прынята ў абставінах, звязаных з узростам Папы. Яго ўчынак сведчыць аб вялікай любові да Касцёла.

Што будзе далей?.. Будзе абраны новы Папа. Працэдура яго абрання добра вядома з другой паловы XIII стагоддзя. Апошнія змены ў правілы выбару пантыфіка ўнёс Бенедзікт XVI.

Зараз Папа абіраецца Калегіяй кардыналаў на канклаве (ад лац. cum clave — замкнёныя на ключ). Гэта сход кардыналаў, які склікаецца праз 18 дзён пасля смерці папярэдняга Папы для абрання наступнага. Выбары адбываюцца ў Сікстынскай капэле ў Ватыкане. Уваходныя дзверы капэлы на час канклава зачыняюцца і адчыняюцца толькі пасля выбару Папы. Для абрання на Святы Пасад кандыдат павінен атрымаць не менш чым дзве трэція галасоў выбаршчыкаў. (Бенедзiкт XVI адмяніў прынцып, уведзены яго папярэднікам Янам Паўлам II, які дазваляў выбіраць Папу большасцю галасоў.)

Права выбіраць новага Папу маюць кардыналы ва ўзросце да 80 гадоў. Колькасць удзельнікаў канклава не павінна перавышаць 120 асоб. Канклаў мае тры фазы. Першая ўключае ў сябе падрыхтоўку і раздачу картак для галасавання, выбар падліковай камісіі з трох чалавек, трох інфірмарыяў, якія збіраюць галасы ў кардыналаў і трох рэвізораў. Другая фаза — складанне бюлетэняў у ўрну, іх перамешванне і падлік галасоў. Трэцяя фаза — падлік галасоў, кантроль і спаленне бюлетэняў.

Перш чым кардыналы пакінуць капэлу, усе запісы павінны быць спалены. У выпадку, калі ніхто не абраны, падаюць сігнал чорным дымам, калі ж новы біскуп Рыма вызначаны, то пускаюць белы дым. У наш час белы дым суправаджаецца таксама звонам.

Калі галасаванне не прынясе вынікаў і ні адзін кандыдат не набярэ дзве трэція галасоў, то кардыналы павінны вырашыць лёс далейшага галасавання: абраць Папу абсалютнай большасцю галасоў ці галасаваць за двух кандыдатаў, якія набралі большасць галасоў на папярэднім туры.

Калі Папа абраны, яго пытаюць, ці прымае ён такі выбар? Калі так, то выбраннік аб’яўляе сваё новае імя і кардыналы падыходзяць да Папы, выказваючы яму павагу і паслухмянасць. А затым дзякуюць Богу за дапамогу ў выбары, а кардынал-протадыякан выходзіць на цэнтральную лоджыю Базылікі Святога Пятра і аб’яўляе ўсім вернікам: «У нас ёсць Папа». Пасля чаго новы Папа пасылае ўсім зацікаўленым гледачам і слухачам сваё бласлаўленне «Urbi et Orbi».

У гэты час тысячы і тысячы беларусаў разам з іншымі каталікамі свету шчыра моляцца, каб незвычайная паласа ў жыцці Касцёла хутчэй скончылася, а новаабраны Святы Айцец быў добрым бацькам і заступнікам перад Богам усім вернікам і людзям добрай волі.

P.S. У матэрыяле выкарыстана інфармацыя з сайта www.cathоlic.by

←Новый госсекретарь США оскандалился в первой же своей речи.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика