У Ісуса Хрыста была жонка?
Прафесар Гарвардскай школы багаслоўя Карэн Кінг паведаміла пра гэта ў сваім дакладзе на Х міжнародным кангрэсе копцкіх даследаванняў у Рыме. На фрагменце папіруса, які датаваны IV стагоддзем нашай эры, напісана: “Ісус сказаў ім: мая жонка”. Папірус памерам 3,5 на 7,5 см з’яўляецца ўласнасцю прыватнага калекцыянера. На адным баку ёсць 8 непоўных радкоў, напісаных ад рукі, а на другім – захаваліся толькі тры слова. Паколькі надпісы зробленыя на копцкай мове (мове ранніх хрысціянаў), навукоўцы лічаць, што папірус знайшлі ў Егіпце.
Сам фрагмент з’яўляецца фрагментам раней невядомага Евангелля, якое магло быць створана, на думку Карэн Кінг, у другой палове ІІ стагоддзя, бо яно падобна на знойдзеныя нядаўна Евангеллі ад Фамы, Марыі і Піліпа.
Кінг лічыць, што словы пра жонку самі па сабе яшчэ не могуць быць доказам таго, што Ісус быў жанаты. Але знаходка мае вялікую каштоўнасць для гісторыі ранняга хрысціянства і сведчыць аб тым, што ў ІІ стагоддзі яшчэ не было адзінага меркавання, ці жанаты быў Ісус, ды ўвогуле, ці варта хрысціянам жаніцца, альбо лепш прытрымліваца цалібата. Чарнавік працы Карэн Кінг апублікаваны на сайце Гарвардскай школы багаслоўя.