Караль Вайтыла: З далёкай краіны на Апостальскі Пасад
30.04.2011 17:39
—
Новости Мира
Караль Вайтыла: З далёкай краіны на Апостальскі Пасад
Польскае радыё для замежжа
Ян Павал ІІ лічыцца пантыфікам, які ў значнай ступені паўплываў на гісторыю сучаснага сьвету й Каталіцкага касьцёла. Яго называюць „Галоўным будаўніком мастоў”. Менавіта ён зьяўляецца першым пантыфікам, які ўпершуню за ўсю гісторыю Каталіцкага касьцёла пераступіў парог сынагогі й мячэці.
У 2000 годзе ў Іерусаліме Ян Павал ІІ сустрэўся з падстаўнікамі іудаізму й ісламу. Пантыфік падкрэсьліў асаблівае значэньне гэтага гораду, які зьяўляецца сьведкам нараджэньня й існаваньня побач з сабою трох вялікіх рэлігіяў сьвету.
Ян Павал ІІ: "Для ўсіх нас Іерусалім, як сама назва сьведчыць, зьяўляецца горадам міру. Ня ўсё было й будзе простым у суіснаваньні трох рэлігіяў. Аднак мы павінны знайсьці ў нашых рэлігійных традыцях мудрасьць і адпаведную матывіроўку, каб давесьці да трыюмфу ўзаемазразуменьня й сардэчнай пашаны".
Амаль пасьля 1500 гадоў спрэчкі Польскі пантыфік давёў да прымірэньня з Армянскім Касьцёлам. Ён заўсёды зазначаў, што экумэнізм - гэта ня толькі ўзаемная талерантнасьць, гэта адзнінства, выкліканае ўнутранай патрэбай кожнага чалавека.
Пантыфік заўсёды рашуча заклікаў да міру на зямлі, да пашаны правоў чалавека й права кожнага чалавека да годнага жыцьця. Шмат увагі прысьвячаў свабодзе й правам, якія дае свабода. Ён не вагаўся займаць цьвёрдай пазыцыі ў справе палітычных канфліктаў і грамадзкіх праблемаў. Па ягонай ініцыятыве ў італьянскім Асыжы зьбіраліся прадстаўнікі ўсіх рэлігіяў, каб маліцца за мір у сьвеце. У гэты дзень штогод па ўсім сьвеце спыняліся ваенныя канфліты. У 1997 годзе папа зьвярнуўся да палітыкаў і вайскоўцаў, каб тыя са сваіх арсэналаў пазбавіліся супрацьпяхотных мінаў, якія галоўным чынам прыносяць крыўду мірнаму насельніцтву. У Ірляндыі ён заклікаў чальцоў радыкальнай нацыяналістычнай групоўкі IRA спыніць насільле, у Вялікабрытаніі выказваў свой супраціў вайне ў Пэрсідзкім заліве, падчас сваіх выступаў заклікаў да міру ў былой Югаславіі.
У 2002 годзе падчас „Сусьветнага дня міру” Ян Павал ІІ выказаў думку, што кожны, хто карыстаецца сваёй рэлігіяй, каб выклікаць насільле й боль, зьнішчае самы глыбокі сэнс яе існаваньня.
Ян Павал ІІ: "Веруючыя людзі й грамадзтвы павінны рашуча асудзіць насільле, усялякае насільле, пачынаючы ад таго, якое ажыцьцяўляецца ў імя Бога. Ніводная рэлігія ня можа апраўдаць выкарыстаньня насільля супраць іншага чалавека".
У 2003 годзе годзе ён зьвярнуўся да сусьветных лідараў з просьбай вырашыць канфлікт ў Іраку мірным чынам, высылаючы дзеля гэтага зь місіяй у Багдад кардынала Роджэра Эчэгэрая.
Ян Павал ІІ заўсёды заклікаў вернікаў, каб яны не саромеліся сваёй веры, зазначаючы, наколькі яна важная ў жыцьці сучаснага чалавека.
Яго можна сьмела назваць Папам-паломнікам, падчас свайго пантыфікату ён зьдзейсьніў 104 замежныя падарожжы, наведваючы 129 краінаў, амаль на ўсіх кантынэнтах. Аднак найбольш за ўсё ён любіў вяртацца ў Польшчу, якую, ужо будучы пантыфікам, наведаў 9 разоў. Ян Павал ІІ заўжды адзначаўся пачуцьцём гумару. Нават у цяжкія хвіліны хваробы ён заўсёды жартаваў. Так было ў часе апошняга паломніцтва ў Айчыну ў 2002 годзе.
Ян Павал ІІ: "Прабачце мне, калі ласка. Прэзыдэнт стаіць, кардынал стаіць, а я сяджу. Прашу прабачэньня, але перада мною паставілі такое пярыла, што я ня маю магчымасьці ўстаць".
Сваё апошняе паломніцтва ў Айчыну ён поўнасьцю прысьвяціў Божай міласэрнасьці. Падчас цырымоніі разьвітаньня на лётнішчы ў Баліцах ён разьвітаўся слётамі, якія па сёньняшні дзень выклікаюць узрушаньне: „Што казаць, шкада зьязджаць.”
Пасьля доўгай хваробы ва ўзросьце 84 гадоў Ян Павал ІІ памёр у суботу 2 красавіка 2005 году, напярэдадні Сьвята Божай міласэрнасьці. "Santo subito" - "Сьвяты адразу" - такія напісы можна было ўбачыць на транспарантах, якія трымала моладзь у дзень паховінаў Яна Паўла ІІ. Сьвяты адразу, абыходзячы ўсялякія працэдуры й працэсы.
1 траўня - у Нядзелю Божай міласэрнасьці - Ян Павал ІІ далучыцца да ліку блаславёных Каталіцкага Касьцёла.