Курманбек Бакіеў абвінавачаны ў саўдзеле ў масавых забойствах

Источник материала:  
23.11.2010 12:46 — Новости Мира
Экс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў абвінавачваецца ў службовых злачынствах і саўдзеле ў масавых забойствах. Пра гэта заявіў 23 лістапада прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачання на судовым працэсе, што праходзіць у Бішкеку, па справе аб масавым расстрэле мітынгоўцаў падчас дзяржаўнага перавароту ў красавіку.

Суд над былымі кіраўнікамі краіны, абвінавачанымі новай уладай у масавых забойствах, спалучаных з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, праходзіць у Палацы спорту сталіцы Кыргызстана. Абвінавачанымі па справе праходзяць 28 чалавек. Шасцёра, у тым ліку экс-прэзідэнт Бакіеў, яго брат Жаныбек Бакіеў, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы краіны (СДО), і старэйшы сын Марат Бакіеў, а таксама былыя кіраўнік Дзяржслужбы нацыянальнай бяспекі Мурат Суталінаў, прэм’ер-міністр Даніяр Усенаў, камандзір спецназу СДО «Арстан» Эсенбай уулу Байыш, знаходзяцца за межамі краіны і абвінавачаны завочна.

Як паведамляе РІА Новости, паводле матэрыялаў справы Бакіеў абвінавачваецца ў тым, што разам са сваімі прыбліжанымі і сваякамі, прызначанымі на высокія пасады ў дзяржаве з мэтай узурпацыі ўлады, аддаў загад аб расстрэле мітынгоўцаў — прадстаўнікоў апазіцыі, у красавіку 2010 года на цэнтральнай плошчы Бішкека каля будынка ўрада. У выніку чаго загінулі 77 чалавек, з іх два непаўналетніх.

Арганізатарам масавых забойстваў мітынгоўцаў, паводле версіі следства, быў малодшы брат экс-прэзідэнта Жаныбек Бакіеў, які ўзначальваў СДО.

Следства сцвярджае, што менавіта Жаныбек Бакіеў «аддаваў незаконныя загады па рацыі» снайперам СДО і Дзяржслужбы нацбяспекі аб вядзенні прыцэльнага агню па бяззбройных грамадзянах і «ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва снайперскімі групамі».

7 красавіка натоўп мітынгоўцаў захапіў будынак урада Кыргызстана, які абаранялі супрацоўнікі СДО і байцы спецпадраздзялення «Альфа» Дзяржслужбы нацбяспекі. Пры штурме будынка на цэнтральнай плошчы Бішкека, а таксама падчас далейшых беспарадкаў у сталіцы загінулі прыблізна 90 чалавек і 1,5 тысячы атрымалі раненні. Улада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўрада, які складаецца з лідэраў апазіцыйных партый.

Акрамя таго, былы кіраўнік дзяржавы абвінавачваецца ў стварэнні антыканстытуцыйных дзяржорганаў і структур, такіх як Цэнтральнае агенцтва па інвестыцыях і інавацыях пры прэзідэнце, якое ўзначальваў яго малодшы сын Максім.

Бакіеў таксама абвінавачваецца ў там, што, з’яўляючыся прэм’ер-міністрам, у сакавіку 2002 года прыняў рашэнне аб правядзенні сілавых спецаперацый у дачыненні да мітынгоўцаў у Аксыйскім раёне Джалал-Абадскай вобласці краіны, што прывяло да гібелі шасці чалавек.

Нагадаем, скінуты прэзідэнт Кыргызстана з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі з 19 красавіка паводле запрашэння Аляксандра Лукашэнкі.

Новыя ўлады Кыргызстана двойчы звярталіся ў Генеральную пракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева і двойчы атрымалі адмову. У Мінску заявілі, што не знаходзяць прававых падстаў для задавальнення просьбы аб выдачы.

У кастрычніку Курманбек Бакіеў паведаміў па тэлефоне карэспандэнту кіргізскай службы «Радыё Свабода», што па-ранейшаму знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.


Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←ДТП в Винницкой области: Дежурный не заметил приближающегося поезда и открыл шлагбаум

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика