Кучма і Літвін фігуруюць у раскрытай справе Гангадзэ
Следства Генпракуратуры высветліла, што тагачасны кіраўнік Крымінальнага вышуку МУС генерал Аляксей Пукач атрымаў загад забіць Георгія Гангадзэ непасрэдна ад міністра.
7 верасня 2010 кіраўнік следчай групы Генпракуратуры па справе Гангадзэ Аляксандр Харчанка вынес канчатковую пастанову аб прыцягненні Пукача да крымінальнай адказнасці.
У гэтым дакуменце і апісаная роля Краўчанкі ў найбольш рэзанансным злачынстве незалежнай Украіны.
"Пукач А.П. 17 верасня 2000 г., выконваючы відавочна злачынны вусны загад міністра ўнутраных справаў Краўчанкі Ю.Ф., г.зн. на замову, па папярэдняй змове групай асобаў, сумесна з Пратасавым, Кастэнкам і Паповічам, якія не ведалі пра злачынны загад, наўмысна забіў Гангадзэ Г.Р.", -- гаворыцца ў пастанове следчага.(Заўвага: Гангадзэ быў выкрадзены 16 верасня, але, па дадзеных следства, забойства адбылося ў 00:10 17 верасня. Пратасаў, Кастэнка і Паповіч -- супрацоўнікі міліцэйскай службы вонкавага сачэння, якія за ўдзел у забойстве Гангадзэ атрымалі 12 і 13 гадоў турмы).
У пастанове следчага прыведзеныя падрабязнасці, дзе і калі Краўчанка загадаў забіць заснавальніка "Украінскай праўды".
"Прыкладна 13-14 верасня 2000 у сваім службовым кабінеце ў горадзе Кіеве па вуліцы Багамольца, 10 міністр унутраных справаў Краўчанка Ю.Ф. вусна аддаў начальніку Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Украіны Пукачу А.П. відавочна злачынны загад -- забіць журналіста Гангадзэ Г Р. для спынення такім чынам журналісцкай дзейнасці"."Пукач А.П., дзейнічаючы з асабістай зацікаўленасці і кар"ерных памкненняў, не жадаючы ўскладняць адносіны з кіраўніком МУС Украіны, а таксама разлічваючы здабыць прыхільнасць Краўчанкі Ю.Ф. і атрымаць падвышэнне па службе і падвышэнне да спецыяльнага звання работніка міліцыі, пагадзіўся выканаць загад Краўчанкі Ю.Ф., г.зн. на замову забіць Гангадзэ Г.Р.", - таксама гаворыцца ў пастанове.
Па дадзеных следства, Пукач даў справаздачу Краўчанку адразу пасля забойства Гангадзэ, 17 верасня 2000.
"На наступны дзень у службовым кабінеце міністра ўнутраных справаў Пукач А.П. паведаміў Краўчанку Ю.Ф. аб выкананні яго загаду забіць журналіста Гангадзэ, пасля чаго разам з Паповічам А.В. (кіроўца Пукача) пазбавіўся сумкі і мабільнага тэлефона Гангадзэ Г. Р., выкінуў сумку ў возера каля Паўднёвага моста ў Кіеве, а мабільны тэлефон - у вадаём Русанаўскага канала паблізу гасцініцы "Славуціч" у Кіеве".Таксама, як высветліла следства, загад перапахаваць Гангадзэ таксама даваў Краўчанка.
"У пачатку кастрычніка 2000, дзейнічаючы па ўказанні Краўчанкі Ю.Ф., з мэтай схаваць здзейсненае ў дачыненні Гангадзэ Г.Р. злачынства, Пукач А.П. на службовым аўтамабілі "Нісан" прыехаў на месца пахавання трупа Гангадзэ Г. Р., выкапаў яго і павёз у лясны масіў Улашаўскага лясніцтва Тарашчанскага раёна, дзе сякерай аддзяліў галаву ад цела і тамсама закапаў абезгалоўлены труп Гангадзэ.
Адчлененую галаву Гангадзэ Г.Р. <…> Пукач А.П. адвёз і закапаў у канцы лесапаласы на адлегласці 1,4 км ад аўтадарогі паміж сёламі Даўгаліўскае - Калеснікава на 136 кіламетры аўтатрасы Кіеў - Залатаноша Ракітнянскага раёна Кіеўскай вобласці.
Эпізоды з іншымі лідэрамі апазіцыі
У абвінавачанні Пукача таксама фігуруе эпізод выкрадання Аляксея Падольскага -- памочніка дэпутата Сяргея Галаватага, які тады актыўна ўдзельнічаў у апазіцыйным руху.
Пукач і двое супрацоўнікаў службы вонкавага сачэння Навумец і Марыняк, якія пазней атрымалі па тры гады турмы, выкралі Падольскага. Адбылося гэта ў раёне паловы на адзінаццатую вечара 9 чэрвеня 2000 па той самай схеме, што і з Гангадзэ, - прапанаваўшы яму паслугі таксі.
Падольскага вывезлі з Кіева ў лесапаласу каля вёскі Пятроўскае Прылуцкага раёна Чарнігаўскай вобласці. Там яго збілі, без рэчаў і дакументаў пакінулі ноччу ў лесе і з"ехалі. Вярнуўшыся ў Кіеў, Пукач падпаліў дзверы кватэры, дзе жыў Падольскі, а ўжо на наступны дзень адрапартаваў Краўчанку аб "прафілактычных мерах", прынятых у дачыненні да грамадскага дзеяча.
"10 чэрвеня 2000 г. прыкладна а 10-й раніцы Пукач далажыў міністру ўнутраных справаў Краўчанку Ю.Ф. у яго службовым кабінеце па вуліцы Багамольца, 10 у горадзе Кіеве аб выкананні загаду аб вывазе Падольскага за межы Кіеўскай вобласці, пра яго збіццё, запалохванне, пакіданне ноччу ў бязлюдным месцы і падпал дзвярэй кватэры", - гаворыцца ў пастанове аб прыцягненні Пукача да крымінальнай адказнасці.
Вочная стаўка Пукач — Літвін
Акрамя Краўчанкі, іншыя высокапастаўленыя асобы ў пастанове не згадваюцца. Разам з тым, журналістам таксама сталі вядомыя паказанні Пукача ў дачыненні спікера парламента Уладзіміра Літвіна.
Так,
паводле сцверджання генерала, праз некалькі дзён пасля забойства Гангадзэ 17 верасня 2000 Літвін пабываў у міністэрстве ўнутраных справаў у кабінеце Краўчанкі.Там прысутнічаў таксама першы намеснік міністра Мікола Джыга, кіраўнік апарату МУС Эдуард Фэрэ, а таксама сам Пукач.
Як сцвярджае Пукач, Краўчанка асабіста прадставіў яго Літвіну са словамі: "Уладзімір Міхайлавіч, гэта наш супрацоўнік, які асабіста разабраўся з Гангадзэ".
Пры гэтым Краўчанка паляпаў Пукача па плячы і звярнуўся да Літвіна са словамі: "Перадайце прэзідэнту, што мы выканаем любое яго ўказанне».Гэта версія падзей у выкладзе Пукача. Пасля гэтага, па яго словах, размова Краўчанкі і Літвіна праходзіла без сведак, а на наступны дзень Краўчанка загадаў Пукачу ўзяць адпачынак і перапахаваць цела, аддзяліўшы ад яго галаву.
Існуе версія, што Пукач ужо тады адчуў, як яго падставілі -- і спецыяльна пахаваў цела ў такім месцы, дзе яго дакладна знойдуць. І спецыяльна паклаў у магілу ўпрыгожанні, якія маглі дакладна ідэнтыфікаваць Гангадзэ.
Так і адбылося -- мясцовыя жыхары неўзабаве ўбачылі непадалёк ад лясной дарогі частку рукі, што тырчала з-пад зямлі...
У сваіх хадайніцтвах да следчага Пукач ініцыяваў правядзенне вочных ставак з жывымі ўдзельнікамі размовы ў кабінеце Краўчанкі -- спікерам Літвінам і вінніцкім губернатарам Джыгам. Следчыя дзеянні прайшлі летам гэтага года.
Паводле інфармацыі крыніц, Пукач настойваў на сваёй версіі знаёмства з Літвінам, а спікер яе адпрэчваў.
"Я з вамі незнаёмы", -- адказаў Літвін на словы Пукача пра тое, як яны былі прадстаўленыя адзін аднаму наступны дзень пасля забойства Гангадзэ. Таксама адпрэчваў версію Пукача і Мікола Джыга.
Таксама, паводле інфармацыі крыніц, на допытах Пукач паведаміў, што ў жніўні 2000 Джыга ўзяў у яго матэрыялы на Гангадзэ, сабраныя міліцыяй, і адвёз іх у аэрапорт "Барыспаль". Адтуль Краўчанка вылецеў у Крым на сустрэчу з Кучмам, дзе той знаходзіўся на адпачынку.
У сваіх паказаннях Пукач таксама настойвае, што пра здзяйсненне ім злачынства было вядома не толькі Літвіну і Джыгу, але і прэзідэнту Кучму і тагачаснаму кіраўніку СБУ Леаніду Дзеркачу.
Так, па словах генерала,
на наступны дзень пасля забойства Гангадзэ Пукача наведаў палкоўнік СБУ, які працаваў памочнікам Дзеркача па ўзаемадзеянні з МУС. Ён паведаміў, што яму вядома аб выкраданні журналіста міліцэйскай службай вонкавага сачэння.Яшчэ Пукач сказаў на допытах, нібыта Краўчанка неаднаразова яго пераконваў, што ён дамовіўся з Кучмам, і генерала з яго "эскадронам смерці" не крануць.
"Украіна скаланецца, калі даведаецца ўсю праўду..."
Калі судовы працэс над Пукачам будзе адкрытым, агучаныя ім факты могуць пакласці канец палітычнай кар"еры некаторых дзеячаў сучаснасці.
З 15 верасня знаёміцца з матэрыяламі справы могуць пацярпелыя. Потым - Пукач. У пракуратуры разлічваюць перадаць справу ў суд да 8 кастрычніка - у гэты дзень заканчваецца тэрмін дзеяння дазволу на арышт Пукача, выдадзенага Вярхоўным судом.
Вядома, у выпадку паўторнага звароту суд працягне яму арышт, аднак следчым, каб не абцяжарваць сябе дадатковай працай, было б зручней да таго моманту перадаць Пукача ў судовую кампетэнцыю.
Адной з умоваў, на якіх Пукач пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам, было аказанне дапамогі ягонай дачцэ.Тады ж, падчас затрымання ў мінулым годзе, Пукач, па словах крыніц, заявіў: "Забойства Гангадзэ - гэта далёка не ўсё. Украіна скаланецца, калі даведаецца ўсю праўду".
Каб прадэманстраваць шчырасць сваіх намераў супрацоўнічаць са следствам, Пукач паказаў, дзе быў пахаваны чэрап Гангадзэ. Побач з гэтым месцам былі знойдзеныя парэшткі яшчэ 12 (!) чалавек.
Артыкулы, па якіх абвінавачваецца Пукач
У канчатковай рэдакцыі пастановы аб прыцягненні Пукача да адказнасці яму прад"яўленае абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Па-першае, гэта частка 2 артыкула 365 дзейнага Крымінальнага кодэксу Украіны -- "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, калі яно суправаджалася гвалтам, ужываннем зброі або дзеяннямі, што прыносілі боль і абражалі асабістую годнасць пацярпелага дзеяннямі, пры адсутнасці прыкмет катаванняў”.
Па-другое, гэта частка 3 артыкула 166 Крымінальнага кодэксу ў рэдакцыі 1960 г. - "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, калі яны пацягнулі цяжкія наступствы".
Па-трэцяе, гэта пункты 11 і 12 артыкула 93 Крымінальнага кодэксу ў рэдакцыі 1960 г. - "Наўмыснае забойства пры абцяжарвальных абставінах, здзейсненае па папярэдняй змове групай асоб або арганізаванай групай", а таксама "Наўмыснае забойства пры абцяжарвальных абставінах, здзейсненае на замову".
Максімальная санкцыя, прадугледжаная гэтых артыкулах, -- пажыццёвае зняволенне.
Кваліфікацыя "забойства па замове" -- новы пункт у абвінавачванні Пукачу. Ён з"явіўся толькі ў канчатковай рэдакцыі пастановы аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці.
Абарона Пукача адштурхоўваецца ад таго, што ў яго не было папярэдняй змовы з трыма іншымі супрацоўнікамі службы вонкавага сачэння, якія атрымалі па 12 і 13 гадоў турмы, а адбыўся "эксцэс выканаўцы".
Пукач таксама сцвярджае, што калі душыў Гангадзэ рамянём, то хацеў толькі запалохаць журналіста, але не разлічыў сілу -- і спражка рамяня трапіла на кадык Гангадзэ, пасля чаго заснавальнік "Украінскай праўды" загінуў.Гэта не зусім укладаецца ў логіку паказанняў трох саўдзельнікаў Пукача, што вядомыя з рашэння Вярхоўнага суда, які пакінуў іх турэмныя прысуды ў сіле.
Так, аўтамабіль, у якім знаходзіўся Георгій пасля выкрадання 16 верасня, па дарозе да месца злачынства заехаў ў вёску Сухалесы Белацаркоўскага раёна. Там Пукач узяў вяроўку і рыдлёўку, якія паклаў у багажнік. Калі адштурхоўвацца ад версіі "запалохвання", гэты інвентар быў неабавязковым.
Далей машына з Георгіем адправілася ў лес, які знаходзіцца непадалёк ад вёскі. Там Паповіч -- кіроўца Пукача -- выкапаў яму.
Калі машына з Гангадзэ прыехала ў лес, Георгію звязалі вяроўкай рукі і ногі, а Пукач засунуў у рот насавую хустку. Далей кіроўца Пукача зняў з Гангадзэ рэмень і перадаў генералу. Той накінуў пятлю на шыю журналісту і пачаў яго душыць.
Георгій набраў паветра ў лёгкія, пасля чаго кіроўца Пукача нанёс яму некалькі ўдараў у жывот, каб той выпусціў паветра.Усе гэтыя падзеі, апісаныя ў прысудзе тром міліцыянтам, вельмі мала нагадваюць "эксцэс выканаўцы".
Апошнім сваім хадайніцтвам Пукач спрабаваў правесці вочныя стаўкі паміж ім і трыма асуджанымі з прыцэлам на перагляд судовых прысудаў па новых абставінах. Аднак следчы адмовіў.
Той факт, што ў пералік артыкулаў абвінавачання Пукача быў дададзены пункт "Наўмыснае забойства, здзейсненае на замову", азначае, што следства аб"явіць замоўніка злачынства.
Пытанне ў тым, спыняцца яны на Краўчанку ці пойдуць далей.Калі адзіным замоўнікам прызнаюць былога міністра ўнутраных справаў, то ў распачынанні справы супраць яго будзе адмоўлена ў сувязі са смерцю (артыкул 6, пункт 8 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Украіны).
Праўда, з прычыны, што гэтая акалічнасць з"яўляецца нерэабілітавальнай, сваякі Краўчанкі могуць абскардзіць пастанову следчага ў судзе.
Але
незалежна ад таго, наважыцца пракуратура ісці да жывых замоўнікаў ці не, яшчэ 10 гадоў таму з запісаў Мельнічэнкі кожны мог зразумець, што насамрэч адбылося з Георгіем Гангадзэ.