Гімпу: Свабода для нас даражэйшая за экспарт віна ў Расію
Пра гэта ў інтэрв’ю румынскаму тэлебачанню заявіў выканаўца абавязкаў прэзідэнта Малдовы, старшыня парламента Міхай Гімпу.
Ён нагадаў, што ў перыяд, калі Малдова ўваходзіла ў СССР, малдаўскія віны і садавіна лічыліся Масквой якаснымі, а цяпер іх не пускаюць на расійскі рынак. На думку Гімпу, праблемы, якія ўзніклі ў малдаўскіх экспарцёраў віна і садавіны ў Расію, звязаныя з тым, што Масква хоча, каб «Малдова казала і рабіла толькі тое, што падабаецца Расіі».
«Але мы не адступім, бо свабода для нас даражэйшая», — заявіў в.а. прэзідэнта Малдовы. «Мы не будзем жыць схіліўшы галаву толькі таму, што нашыя віны і вінаград прадаюцца на расійскім рынку», — дадаў ён, адзначыўшы, што Малдова знойдзе іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі.
Пры гэтым Гімпу адзначыў, што кіроўны Альянс за еўрапейскую інтэграцыю не выступае супраць добрых стасункаў з Расіяй. «Больш за тое, цяперашняя малдоўская ўлада ўзяла на сябе абавязак забяспечыць нармальныя адносіны і з Расіяй, і з ЗША, але ўсё залежыць ад расійскага кіраўніцтва», — заявіў ён.
Нагадаем, адносіны паміж Кішынёвам і Масквой ускладніліся пасля таго, як прэзідэнт Малдовы Міхай Гімпу абвясціў 28 чэрвеня, дзень уступлення савецкіх войскаў у Малдову, днём савецкай акупацыі.
Крэмль і Дзярждума асудзілі дзеянні Гімпу як спробу перапісаць гісторыю. Неўзабаве пасля гэтага кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка заявіў, што якасць імпартаванага з Малдовы віна пагоршылася, і «яго хутчэй трэба выкарыстоўваць для афарбоўкі платоў, а не для піцця».
ua.korrespondent.net