Роза Атунбаева зацверджана ў якасці кіраўніка Кыргызстана на пераходны перыяд

Источник материала:  
02.07.2010 13:46 — Новости Мира
Паводле вынікаў праведзенага ў Кыргызстане рэферэндуму 59‑гадовая Роза Атунбаева зацверджана ў якасці кіраўніка дзяржавы на пераходны перыяд.

Афіцыйныя вынікі рэферэндуму па змене Канстытуцыі і надзяленні Атунбаевай паўнамоцтвамі прэзідэнта пераходнага перыяду апублікаваны ва ўрадавай газеце «Эркін‑Тоо» 2 ліпеня, паведамляе агенцтва Новости.kg.

Усенародны рэферэндум па прыняцці новай Канстытуцыі і аб даверы часоваму ўраду на чале з Атунбаевай, які прыйшоў да ўлады 7 красавіка пасля звяржэння прэзідэнта Курманбека Бакіева, адбыўся ў Кыргызстане 27 чэрвеня. Паводле афіцыйнай інфармацыі, выбаршчыкі абсалютнай большасцю галасоў згадзіліся з надзяленнем Атунбаевай паўнамоцтвамі прэзідэнта пераходнага перыяду да 2012 года. Згодна з новай Канстытуцыяй, практычна ўся паўната дзяржаўнай ўлады пераходзіць да парламента. Заканадаўчы орган, які складаецца са 120 дэпутатаў, сфарміраваны па партыйных спісах, будзе прызначаць прэм’ер‑міністра і ўрад.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Акылбек Сарыеў паведаміў журналістам, што больш за 1,777 мільёна (90,55%) выбаршчыкаў, якія прыйшлі на рэферэндум, прагаласавалі за прапанаваныя змены, супраць выказаліся 158,373 тысячы (прыкладна 8%) грамадзян, менш за 1,5% бюлетэняў былі сапсаваны.

Афіцыйная цырымонія ўваходжання на пасаду Атунбаевай запланавана на 3 ліпеня.

Між іншым звергнуты прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў працягвае знаходзіцца ў Беларусі, куды прыбыў 19 красавіка паводле запрашэння Аляксандра Лукашэнкі.

4 мая Роза Атунбаева падпісала дэкрэт аб пазбаўленні Бакіева прэзідэнцкай недатыкальнасці на падставе крымінальнай справы, згодна з якой ён абвінавачваецца ў арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовым становішчам. Аднак Лукашэнка заявіў, што не збіраецца выдаваць Бакіева новым уладам Кыргызстана, падкрэсліўшы, што ён «знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і прэзідэнта». У канцы мая ў Генеральную пракуратуру Беларусі паступіў запыт на выдачу Бакіева і неабходныя для гэтага дакументы. 10 чэрвеня Генпракуратура накіравала ў Бішкек афіцыйную адмову ў выдачы.


Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

←Пост Семиноженко может занять Табачник

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика