Польшча перад выбарам
48% — на такую колькасьць галасоў выбарцаў можа разьлічваць Браніслаў Камароўскі паводле вынікаў апошніх апытаньняў. Такім чынам, каб перамагчы ў першым туры, сьпікеру Сэйму не хапае зусім няшмат. Камароўскі, зрэшты як і іншыя лідэры кампаніі, сустракаецца з выбарцамі па ўсёй краіне:
«Я разам з вамі, каб разам думаць пра Польшчу, што трэба зрабіць, каб нашая краіна ішла простай дарогай да посьпеху»
Учора Камароўскага падтрымаў папулярны палітык з Падляшша, былы прэм’ер і міністар замежных спраў ва ўрадах посткамуністаў Уладзімеж Цімашэвіч:
«Шмат хто чакаў, што і я буду балятавацца, і я за гэта ўдзячны. Зьвяртаюся да ўсіх і асабліва да маіх прыхільнікаў — у бліжэйшую нядзелю я аддам свой голас за спадара Браніслава Камароўскага»
Падтрымка Цімашэвічам Камароўскага — гэта ўдар па кандыдаце ад левых сілаў Гжэгажы Напяральскім, які на гэты момант у перадвыбарчых рэйтынгах займае трэцяе мейсца з падтрымкай прыкладна кожнага дзясятага выбарцы.
Між тым галоўны канкурэнт Браніслава Камароўскага Яраслаў Качынскі цягам сёлетняй, перадусім кароткай кампаніі, якая адбываецца ў ценю смаленскай трагедыі, паволі, але амаль увесь час набірае папулярнасьць — цяпер за яго гатовыя галасаваць 34% палякаў: «Я заклікаю да таго, каб гэта была сур’ёзная выбарчая кампанія, каб пэрыяд польска‑польскай вайны, які цягнецца ўжо некалькі гадоў, у тым ліку гэта тычыцца і непрымальнай лексыкі, якую палітыкі выкарыстоўваюць у спрэчках, скончыўся».
Варта адзначыць, што і Браніслаў Камароўскі і Яраслаў Качынскі — гэта палітыкі, якія неабыякавыя да беларускай справы. Прыкладам, за часоў прэм’ерства Качынскага быў створаны спадарожнікавы тэлеканал Белсат.
Акрамя Камароўскага, Качынскага і Напяральскага на найвышэйшую пасаду ў дзяржаве балятуюцца яшчэ сямёра кандыдатаў.Сярод іх былы прэм’ер, а цяперашні віцэ‑прэм’ер ва ўрадзе Туска Вальдэмар Паўляк, былы віцэ‑прэм’ер кабінэту Яраслава Качынскага Анджэй Лепер, былы міністар замежных спраў Анджэй Аляхоўскі, аднак іх падтрымліваюць 1‑2% выбарцаў.
Вальдэмар Паўляк, аднак, не губляе аптымізму: «Ужо каторы раз спрабую знайсьці журналіста, каб паспрачацца: калі мой вынік будзе ніжэйшы, чым вынікі апытаньняў — я аддаю свой заробак на карысьць ахвяраў паводкі, але калі вышэйшы — то вы гэтак зробіце», — кажа Паўляк.
Ахвотных сярод журналістаў, аднак, пакуль не знайшлося.
Радыё Свабода