Беларуская амбасада ў Бішкеку апусцела
Фота AFP
Прадстаўнікі беларускага Міністэрства замежных спраў раней паведамлялі пра тое, што робяцца захады дзеля бясьпекі супрацоўнікаў беларускай амбасады і іх сем’яў у Бішкеку.
Пэўны час таму Кіргізстан пакінулі спачатку дзеці супрацоўнікаў, потым жанчыны, а цяпер адкамандзіраваныя супрацоўнікі‑мужчыны. Пасол Беларусі ў Кіргізстане Віктар Дзенісенка адкліканы для кансультацый.Памяшканьне амбасады ахоўваецца мясцовымі органамі ўлады.
Паводле прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных, ніхто ня мог гарантаваць бясьпеку беларускіх дыпояматаў ва ўмовах Бішкеку. Спадар Савіных таксама сказаў, што ў зьвязку з гэтым няма магчымасьці рэагаваць на пікеты, якія праводзяцца каля будынка беларускай амбасады.
«З улікам сытуацыі, якая склалася, пасол Рэспублікі Беларусь быў адкліканы ў Менск для кансультацый. Таксама супрацоўнікі амбасады былі адкамандзіраваныя ў сталіцу. Гэта абумоўлена пытаньнямі бясьпекі. Для нас бясьпека нашых грамадзянаў зьяўляецца галоўным пытаньнем. Хачу падкрэсьліць, што мера гэтая часовая, зьвязаная з праблемамі гарантаваньня фізычнай бясьпекі нашых дыпляматаў. Яны вернуцца да выкананьня сваіх абавязкаў, як толькі сытуацыя нармалізуецца. Нашы дыпляматы адкліканыя не як мера ў адказ, не як дэмарш, а выключна ў мэтах бясьпекі нашых людзей».
Паводле спадара Савіных, ішлі пагрозы на адрас канкрэтных асобаў. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра экстрэмісцкія элемэнты, якіх ніхто не кантралюе.«Калі б сытуацыя ў Бішкеку была нармальнай з пункту гледжаньня бясьпекі, то наша амбасада працягвала б працу. Гэта вельмі важны момант, бо мы лічым, што дачыненьні паміж краінамі не павінны стаць закладнікамі цяперашняй сытуацыі. Сяброўскі характар стасункаў паміж нашымі народамі ня можа быць неяк пастаўлены пад пагрозу».
Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і Кіргізстанам, аднак, працягваюцца.
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода