Беларусізацыя Украіны

Источник материала:  
08.05.2010 21:18 — Новости Мира

Беларусізацыя Украіны
Адкрыццё помніка Сталіну ў Запарожжы. Фота Reuters.

«Хроніка пікіруючага бульдозэра» — так назваў сьпіс падзеяў першых тыдняў праўленьня Януковіча вядомы ўкраінскі журналіст Андрэй Шаўчэнка. У сваёй публікацыі на сайце «Украінскай праўды» ён сабраў толькі факты: сумнеўнае фармаваньне ўрадавай кааліцыі, публічнае адмаўленьне Януковічам Галадамору як генацыду ўкраінскага народу, працяг на 25 гадоў знаходжаньня расейскага флёту ў Севастопалі, прызначэньне міністрам адукацыі Дзьмітрыя Табачніка, якога лічаць украінафобам, вяртаньне на пасады адыёзных фігур кучмаўскага пэрыяду, узнагарода Януковічам Фідэля Кастра, спыненьне справы аб атручваньні Юшчанкі, шматлікія эканамічныя і палітычныя саступкі Расеі… Сьпіс гэты на некалькі старонак і сумная выснова Андрэя Шаўчэнкі наступная:

«Гэта ня проста два месяцы, якія зьмянілі краіну, гэта махавік, які раскручваецца і бязьлітасна трушчыць усе, што мы лічым Украінай. Гэта машына часу, якая паводле адчуваньняў адкінула нас у 2004 альбо нават у 1991 год». Некаторыя палітолягі ўжо называюць гэты працэс «беларусізацыяй Украіны».

Кіеўскі журналіст Міхаіл Білэцькі перш за ўсё зьвяртае ўвагу на зразумелы беларусам працэс «інтэграцыі» Ўкраіны з Расеяй: «У вочы адразу кідаецца, што вельмі актыўна йдзе збліжэньне на «расейскім фронце. У стратэгічным пляне гэта ня надта добра, бо гэта абмяжоўвае нашыя манэўры ў эўрапейскай інтэграцыі, якая ўжо вельмі істотна запаволілася». Апрача таго спадар Білэцькі кажа, што зьявіліся спробы ўраду звузіць сфэры выкарыстаньня ўкраінскай мовы.

Зь ліку самых апошніх падзей ва Ўкраіне — усталяваньне помніка Сталіну ў Запарожжы і калектыўныя заявы журналістаў тэлеканалаў «1+1» і СТБ пра ўвядзеньне ўласьнікамі тэлеканалаў палітычнай цэнзуры на карысьць уладаў. Свабода слова ва Ўкраіне, якой так ганарыўся прэзыдэнт Юшчанка, за некалькі месяцаў пастаўленая пад сумнеў.

З заклікам не дапусьціць гэтага ўжо выступіла міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў».

Пакуль што клясычнай цэнтралізаванай цэнзуры ва Ўкраіне няма, кажа спадар Білэцькі:

«Таго, што калісьці было, што ў нас называлася „тэмнікамі“, якія галоўныя рэдактары атрымлівалі са сьпісам тэм, якія тэмы трэба асьвятляць, а якія — не, то можна сказаць, што гэтага яшчэ няма. Цэнтралізавана».

Міхаіл Білэцькі кажа, што за два месяцы прэзыдэнцтва Віктар Януковіч стварыў сваю вэртыкаль улады — паводле лякалаў Пуціна ці Лукашэнкі, дайшоўшы да ўзроўню раёнаў, дзе цяпер кіруюць набліжаныя да яго альбо Партыі рэгіёнаў людзі:

«Гэта закранула мясцовую міліцыю, падатковую інспэкцыю і ўсё-ўсё-ўсё… Фактычна адбылася такая глябальная кадравая рэвалюцыя».

Ці ёсьць ва ўкраінскім грамадзтве сілы супрацьстаяць аўтарытарным тэндэнцыям?

«Мне падаецца, што яшчэ ня створаныя ўмовы для хвалі народнага абурэньня. І самае галоўнае, што калі апазыцыя будзе зацыклівацца на момантах, зьвязаных з уласным лідэрствам і ўласным сьледам у гісторыі, як гэта робіцца цяпер, то ў прынцыпе ня будзе адзінага каардынуючага цэнтра, які вёў бы тлумачальную працу».

Міхаіл Білэцькі выказвае спадзеў, што і для Януковіча ды яго людзей ёсьць пэўная мяжа, якую ён не пераступіць — дзяржаўны сувэрэнітэт Украіны. А тым часам Януковіч ужо загадаў падрыхтаваць праект зьменаў ў Канстытуцыю краіны, а вядомыя прадстаўнікі ўкраінскай інтэлігенцыі заклікалі ствараць Народны камітэт выратаваньня.


Радыё Свабода

←У Нью-Ёрку паром урэзаўся ў прыстань гавані — дзесяткі пацярпелых

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика