Перапіс у Польшчы: мяняюць пытанне пра нацыянальнасць
Сярод зменаў — пытанні пра родную мову ды веравызнанне. Галоўная статыстычная ўстанова абвесціла, што ўвядзе таксама магчымасць двайнога выбару нацыянальнай ды этнічнай прыналежнасці.
Упаўнаважаны па гэтай справе Веслаў Лагадзінскі паведаміў наступнае:
— Гэтае пытанне ўзнікла пасля бурлівай дыскусіі ў СМІ, выйшла яно ад кашубаў, але не толькі іх адных. Гэтая праблема ўзнікла і ў 2002 годзе, калі людзі дамагаліся выбару больш за адной магчымасці, бо ў іх такое адчуванне тоеснасці.
Гэтае рашэнне выклікае таксама неадназначныя адносіны да яго лідэраў і дзеячоў меншасных арганізацый. З боку беларусаў найчасцей ідуць галасы крытыкі. Пятро Тыма, старшыня Саюза ўкраінцаў у Польшчы і сябра супольнай камісіі ўрада і меншасці, сярод тых, хто лічыць гэтую змену патрэбнай:
— У выпадку Польшчы не трэба прытрымлівацца катэгарычных крытэрый, бо ў выпадку кожнай меншасці маем мы стасункі з мешанымі сужонствамі ды асобамі, якія адначасна прыналежаць да дзвюх культур.
Пакуль невядома, як канчаткова будуць выглядаць пытанні пра нацыянальнасць і веравызнанне. Паводле ўпаўнаважанага Галоўнай статыстычнай установы, справа будзе шырока кансультавацца пасля вынікаў пробнага перапісу.
Радыё Рацыя