Януковіч зганьбіўся ў Брусэлі
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падчас знаходжання ў Брусэлі чарговы раз парадаваў журналістаў. Падчас запісу інтэрв"ю каналу «Еўраньюс» В.Януковіч пераблытаў Косава з Сербіяй і Чарнагорыяй, а Паўночную Асецію - з Паўднёвай.
Гэта адбылося падчас гутаркі, калі журналіст спытаў Януковіча, ці прызнае Украіна незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. «Я выказаўся ў свой час, што мы супраць палітыкі двайных стандартаў. Гэта на прыкладзе Сербіі ... Ці, дакладней, прызнання незалежнасці Чарнагорыі ... Прызнанні незалежнасці Косава» – сказаў прэзідэнт Украіны.
«Яшчэ тады было зразумела, што канфлікты на тэрыторыі замарожаных канфліктаў будуць толькі абвастрацца. І наступны яркім прыкладам быў прыклад Паўночнай Асеціі» – дадаў Януковіч, пераблытаўшы Паўночную Асецію з Паўднёвай.
«Мой пункт гледжання – мы павінны ў чарговы раз падкрэсліць, што міжнародныя правілы, якія павінны працаваць для ўсіх, не павінны мець выключэнняў» – таксама адзначыў украінскі лідэр.
На ўдакладняючае пытанне, ці гатовы Януковіч прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, ён адказаў: «На сённяшні дзень гэтае пытанне не стаіць на парадку дня. Мы мелі прэцэдэнт, які маглі не мець, але тым не менш, мы яго дапусцілі».
Пасля размовы прэзідэнта з «Еўраньюс» група суправаджэння Януковіча папрасіла журналіста пры падрыхтоўцы інтэрв"ю да эфіру падрыхтаваць яго так, каб гэтых памылак у канчатковай версіі не было.