Рэзалюцыя ЕС аб Беларусі пераносіцца на сакавік
Еўрапейскі парламент прыме рэзалюцыю аб Беларусі пасля больш грунтоўнага азнаямлення з сітуацыяй. Аб гэтым сёння паведаміў кіраўнік еўрапейскага парламента Ежы Бузэк. «Хочам спраўдзіць, як выглядае сітуацыя на Беларусі, і пасля гэтага прыняць канчатковую рэзалюцыю еўрапейскага парламента» – заявіў Е.Бузэк пасля сустрэчы з А.Борыс і А.Мілінкевічам.
Плануецца, што разгляд справы СПБ адбудзецца на пачатку сакавіка, пасля вяртання чатырохасабовай надпартыйнай місіі ЕС з Беларусі, якая накіруецца туды адмыслова для азнаямлення з сітуацыяй.
Паводле іншай версіі, парламент ЕС зараз не гатовы разглядаць справу СПБ праз брак зацікаўленасці праблемай еўрапейскіх левых.
Борыс і Мілінкевіч пакуль ніяк не каментуюць такое рашэнне Еўрапарламента. Яны адзінадушна выступаюць супраць увядзення санкцый супраць Беларусі. «Ёсць заклікі да ўвядзення санкцый. Але я, як грамадзянка Беларусі, ад 2005-га году ніколі не заклікала да іх увядзення. Перакананая, што трэба забяспечыць адкрытасць Еўропы грамадзянам Беларусі, беларускаму грамадству ўцэлым. Каб простыя грамадзяне маглі лёгка атрымаць шэнгенскую візу і прыехаць у Еўропу» – зазначыла Анжаліка Борыс.
Падобную пазіцыю заняў і А.Мілінкевіч. «Калі не будзе цвёрдай, хоць і добразычлівай да беларусаў, пазіцыі ЕС, на Беларусі будзе толькі горш. ЕС павінен суаднесці палітыку крэдытавання Беларусі з выкананнем правоў чалавека ў краіне. Аднак, на мой погляд, нельга гаварыць аб санкцыях. Дыялог павінен працягвацца, але павінен быць больш выніковым. ЕС павінен прадэманстраваць, што мае інструменты ўздзеяння» – адзначыў А.Мілінкевіч.
АП, паводле wyborcza.pl