У Нігеры ваенныя арыштавалі прэзідэнта, што абвясціў сябе пажыццёвым
Танджа Мамада. |
У Нігеры — заходнеафрыканскай дзяржаве з насельніцтвам каля 15 млн чалавек — адбыўся ваенны пераварот, у выніку якога быў адхілены ад улады і арыштаваны прэзідэнт краіны Танджа Мамада.
Змоўшчыкі, пасоля таго як захапілі прэзідэнцкі палац, звярнуліся да народа па тэлевізіі і абвясцілі, што дзеянне канстытуцыі Нігера прыпынена, а ўсе дзяржаўныя інстытуты з гэтага часу не працуюць. У краіне ўведзена каменданцкая гадзіна, яе межы закрытыя.
Прэзідэнт, які кіраваў краінай больш за дзесяць гадоў, знаходзіцца пад арыштам. Паведамляецца, што вайскоўцы таксама арыштавалі членаў яго ўрада.
Сітуацыя ў Нігеры ўcпыхнула ў жніўні мінулага года, калі Танджа Мамада унёс змены ў канстытуцыю краіны, якія дазвалялі яму займаць пасаду прэзідэнта на працягу неабмежаванага часу.
Гэты крок выклікаў рэзкае асуджэнне ўнутранай апазіцыі і іншых афрыканскіх краін: сяброўства Нігера ў рэгіянальнай заходнеафрыканскай арганізацыі было прыпынена.
Ваенныя, што ажыццявілі пераварот, абяцаюць аднавіць дэмакратыю ў краіне і перамагчы карупцыю.
Праўда, суседнія краіны пераварот асудзілі.
Нігер абвясціў аб незалежнасці ў 1960 годзе, да гэтага ён належаў Францыі. З тых часоў дзяржава неаднаразова аказвалася ва ўладзе ваенных. Краіна лічыцца адной з самых бедных у свеце, хоць валодае значнымі запасамі карысных выкапняў, у прыватнасці, урана і нафты.