Латвію выратавала ўразанне заробкаў
Латвія аднавіла сваю канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку, што тлумачыцца мерапрыемствамі па зніжэнні заробкаў,
гаворыцца ў дакладзе міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Standard & Poor’s.
«Заробкі сур’ёзна урэзаныя як у грамадскім, так і ў прыватным сектары. Ёсць шэраг прыкметаў паляпшэння ў экспарце і пераарыентавання гандлёвага сектара на знешнія запыты», — адзначае аналітык Standard & Poor’s Фрэнк Гіліям.
Так, заробак у грамадскім сектары за год зніжаны прыкладна на 45%, а ў прыватным — ад 5% да 30% у залежнасці ад галіны,
зазначыў Гіліям, дадаўшы, што ўзровень заробкаў у Латвіі зараз вельмі канкурэнтаздольны, напрыклад, у параўнанні з Польшчай.
Эксперт лічыць: нягледзячы на чаканы ў гэтым годзе рост эканомікі, ВУП у цэлым, хутчэй за ўсё, будзе яшчэ зніжацца.