У Ліване разбіўся эфіопскі самалёт: 90 чалавек на борце
У Міжземным моры пацярпеў крушэнне самалёт Ethiopian Airlines, які рабіў рэйс маршрутам Бейрут — Адыс‑Абеба. На борце знаходзіліся, паводле розных ацэнак, ад 89 да 92 чалавек.
«Боінг‑737‑800» узняўся ў паветра з аэрапорта «Рафік Харыры» ў ліванскай сталіцы ў 2 гадзіны 10 хвілін паводле мінскага часу ды ўзяў курс на сталіцу Эфіопіі. Аднак ужо праз пяць хвілін лятак знік з экранаў радараў.
Агенцтва Reuters паведамляе, што адразу пасля ўзлёту ў раёне аэрапорта пачалася моцная навальніца.
Хутчэй за ўсё, у лайнер ударыла маланка. На думку дыспетчараў, самалёт знаходзіўся ў паветры не больш за чвэрць гадзіны. Паводле жыхароў адной з ліванскіх вёсак на ўзбярэжжы Міжземнага мора, яны бачылі палаючы самалёт і ўспышкі полымя над вадой.
Агенцтва France Press паведамляе, што на борце «Боінга» знаходзіліся 83 пасажыры і 9 членаў экіпажу. Reuters называе іншыя лічбы: 8 членаў экіпажу і 83 пасажыры. Большасць пасажыраў — 54 — грамадзяне Лівана. Трое з іх мелі падвойнае грамадзянства: брытанскае, канадскае і расійскае.
З 1970 года гэта трэці выпадак авіякатастрофы Ethiopian Airlines.