Украінскія выбаршчыкі прадаюць свае галасы празь інтэрнэт
13.01.2010
—
Новости Мира
Паводле сьнежаньскіх сацыялягічных досьледаў, ва Ўкраіне свой голас гатовыя прададць за любыя грошы каля двух адсоткаў выбаршчыкаў. Прыкладна шэсьць адсоткаў гатовыя прагаласаваць за таго, хто дасьць належную цану - болей за 50 даляраў. І трынаццаць адсоткаў ня супраць падзарабіць, калі ім заплаціць той кандыдат, якога яны і так зьбіраліся падтрымаць.
Наогул, у міліцыі чакаюць што продаж галасоў, стане "гітом" гэтага выбарчага сэзону.
Тэхналёгія зьдзелкі
Для праверкі таго, што прадавец насамрэч прагаласаваў за таго, каго трэба, існуе спэцыяльная тэхналёгія, прычым ужо абкатаная на папярэдніх выбарах. Чалавек фатаграфуе свой бюлетэнь, у якім ужо адзначана імя яго кандыдата, на мабільны тэлефон. Плюс абавязковае патрабаваньне - на фатаздымку бюлетэня чамусьці павінен быць бачны палец выбаршчыка.
Праваахоўныя органы маўчаць.
Цэнтравыбаркам насамрэч называе гэтую практыку незаконнай і пагражае крымінальнай адказнасьцю як прадаўцам, так і пакупнікам. Аднак пра рэальныя захады ў справе змаганьня з гэтай зьявай пакуль не чуваць. Той жа цэнтравыбаркам выступіў днямі з просьбай не разьдзімаць ажыятаж вакол чутак аб пакупцы галасоў. Служба бясьпекі Ўкраіны наогул адмаўляецца камэнтаваць гэтую тэму. Паводле таго, як прадаўцы галасоў ахвотна ідуць на кантакт з прэсай, вынікае, што яны даволі няпужаныя. Хаця імёны пакупнікоў і захоўваюцца ў строгай таямніцы.
Паводле ўкраінскага фонду Дэмакратычныя ініцыятывы, занепакоенасьць у гэтым сэнсе меншая наконт агульнанацыянальных выбараў, дзе, каб атрымаць розьніцу ў некалькі адсоткаў, давядзецца выдаткаваць сотні мільёнаў даляраў. Нашмат больш засьцярогаў выклікаюць выбары мясцовыя, дзе пастаўленая на шырокую нагу біржа галасоў можа згуляць якраз вырашальную ролю.