У Літве адзначаць 70-годдзе вяртання Вільні
На гэтым тыдні ў Літве пройдуць урачыстасці з нагоды вяртання Вільні ў склад Літоўскай дзяржавы ў 1939 г.
У чацвер на могілках Росы пройдзе ўрачыстая цырымонія, прысвечаная памяці змагароў за Вільню і Літву. Ва ўрачыстасці возьме ўдзел камандуючы Літоўскай арміяй генерал-маёр Арвідас Поцюс, вайскоўцы роты ганаровай варты і ваенны аркестр.
Затым у будынку Ратушы пройдзе мерапрыемства, прысвечанае вяртанню Вільні, падчас якога міністр абароны Раса Юкнявічэне ўручыць памятныя падарункі воінам незалежнай Літвы, якія ў канцы кастрычніка 1939 г. увайшлі ў складзе літоўскага войска ў Вільню, паведамляе delfi.lt
***
16 лютага 1918 г. Літоўская Тарыба абвясціла пра аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы са сталіцай у Вільні. Беларуская Народная Рэспубліка абвясціла сваёй сталіцай Менск.
У снежні 1918 г., пасля адыходу нямецкіх войск і з прасоўваннем Чырвонай арміі, была абвешчана Савецкая Літва са сталіцай у Вільні.
Ад 27 лютага па 21 красавіка 1919 г. горад – сталіца г.зв. Літоўска-Беларускай ССР (Літбел).
Ад 21 красавіка 1919 г. Вільня была акупавана польскімі войскамі. 14 ліпеня 1920 г. Вільню зноў занялі савецкія войскі. Паводле польска-літоўскага пагаднення Вільня мелася адысці да Літвы, але ў выніку «бунту» дывізіі Жалігоўскага 8 кастрычніка 1920 г. горад на нейкі час стаў цэнтрам г.зв. Сярэдняй Літвы.
8 студзеня 1922 г. прайшлі выбары ў Часовы Сойм Сярэдняй Літвы, які 20 лютага 1922 г. прыняў рашэнне пра далучэнне Віленшчыны (Віленскай зямлі) да Польшчы.
19 верасня 1939 г. у Вільню ўвайшлі савецкія войскі (г.зв. далучэнне Заходняй Беларусі), была створана Віленская вобласць.
10 кастрычніка 1939 г. была падпісана савецка-літоўская дамова аб перадачы Вільні і ваколіц у склад Літвы. 28 кастрычніка 1939 г. адбылася афіцыйная цырымонія сустрэчы літоўскай арміі.