Назваў актывістаў БРСМ прастытуткамі. Фітнэс-трэнеру Лабжанідзэ прысудзілi штраф у памеры 540 рублёў («Наша Нiва»)
У Мінску быў затрыманы прафесійны атлет-бодзібілдар, фітнэс-інструктар Шота Лабжанідзэ.
Ён стаў фігурантам па артыкуле 189 Крымінальнага кодэкса — «абраза». Як высветлілася, бодзібілдар адправіў васьмярым членам БРСМ крытычныя паведамленні ў інстаграме.
Лабжанідзэ ўжо затрымлівалі 19 чэрвеня за ланцуг салідарнасці. Тады ён правёў некалькі сутак на Акрэсціна, пасля чаго атрымаў штраф памерам 540 рублёў. Яго прызналі вінаватым у тым, што Шота нібыта выкрыкваў лозунгі і супраціўляўся праваахоўнікам.
Але гэтая справа звязаная не з ланцугом салідарнасці, а з падзеямі каля «Дана-Мола». 5 чэрвеня там праходзіў скандальны пікет БРСМ у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. На наступны дзень Лабжанідзэ адправіў васьмярым актывістам БРСМ у інстаграме прыватныя паведамленні. Кожнага з іх ён назваў «прастытуткай».
Па інфармацыі «Нашай Нівы», справу перакваліфікавалі ў адміністрацыйную. Суд Першамайскага раёна прысудзіў штраф у памеры 20 базавых — 540 рублёў.