Валерый Макарэвіч: «Не давяраю беларускай статыстыцы па Covid-19. Не можа быць такой прорвы паміж паказчыкамі па захварэлых і памерлых»
Брамнік зборнай Беларусі па пляжным футболе Валерый Макарэвіч не давярае афіцыйнай беларускай статыстыцы па Covid-19.
— Валерый, як падчас пандэміі змянілася вашае жыццё?
— Жыццё крыху змянілася на пачатку пандэміі. У лютым у Маскве праходзіў клубны чэмпіянату свету па пляжным футболе, і там пачалі хварэць гульцы «Спартака». У некаторых дыягназавалі бранхіт, у іншых выявілі прастуду…
Праз хваробу спартакаўскага брамніка мяне і запрасілі згуляць за гэтую каманду на турніры. Калі вярнуўся ў Мінск, адчуў недамаганне. Пэўны час трымалася тэмпература 37,2, было непрыемнае самаадчуванне, я не мог самастойна прыгатаваць сабе паесці і нават адрэзаць кавалак мяса… Не ведаю, што гэта было, каранавірус ці не, аднак так кепска не пачуваўся ўжо даўно.
Дзеці таксама захварэлі, лячыліся так, нібыта ў нас была прастуда. На шчасце, мы паправіліся. А калі з Італіі пайшлі паведамленні пра хваробу, вырашылі дачку і сына не вадзіць у садок, прытрымлівацца мер бяспекі. Маскі надзяваем у краме, а старанна мыць рукі дзяцей мы і раней навучылі.
— Праз каранавірус у свеце прыпынілі ўсе футбольныя спаборніцтвы. Акрамя чэмпіянату Беларусі, які распачалі ў сакавіку і так і не спынілі. Як да гэта паставіліся?
— Негатыўна. Але што зробіш… Такое рашэння прыняло футбольнае і найвышэйшае кіраўніцтва. Напачатку ніхто ж не хварэў, але потым каранавірус выявілі і ў футбалістаў, і чэмпіянат, на мой погляд, ужо дакладна трэба было спыняць. Аднак гэтага таксама не здарылася. Да таго ж, калі пачыналі хварэць футбалісты, ніхто адкрыта пра гэта не казаў.
— У адрозненне ад замежных калег, беларускія трэнеры і футбольныя функцыянеры даволі млява выказваліся наконт спынення першынства, а некаторыя наогул былі супраць. Чаму так адбываецца?
— Асноўнае, што на іх уплывае пры такіх выказваннях, — гэта дзяржаўная падтрымка футбольных клубаў. Як вядома, большасць з іх спансуюць дзяржаўныя прадпрыемствы.
Паводле логікі гэтых людзей, калі ва ўлады менавіта такая палітыка ў дачыненні віруса, то і яны так ці інакш павінны прытрымлівацца тых парадаў, якія даюць зверху.
Магчыма, гэтыя людзі і маюць уласнае меркаванне наконт каранавіруса, але, хутчэй за ўсё, баяцца яго выказваць.
— Падчас пандэміі вам даводзіцца ўдзельнічаць у першынстве краіны па пляжным футболе — выступаеце за «Шчучын». Ці не баіцеся за сваё здароўе?
— Шчыра кажучы, не. Па-першае, мы прытрымліваемся асноўных мераў бяспекі, а па-другое, ніхто ж не ведае, магчыма, мы ўжо ўсе перахварэлі. А выпадкаў, калі каранавірус перадаецца ў другі раз, не было. Ну і грошы ж таксама трэба зарабляць. Жыць на нешта трэба.
— На вашу думку, ці нармальныя меры ў Беларусі прынялі ў барацьбе з хваробай?
— Усе захады правільныя, калі прыводзяць да станоўчых вынікаў. Але Covid-19 пакуль у стадыі вывучэння, і ніхто дакладна не адказаў на пытанні, як правільна трэба дзейнічаць. Аднак, на мой погляд, падчас пандэміі актыўнымі можна было б пакінуць менш схільныя да хваробы слаі насельніцтва. Напрыклад, моладзь. А вось у дачыненні да людзей сталага веку можна было б прымяніць больш жорсткія меры бяспекі і абмежаваць іх ад шчыльных кантактаў з грамадствам.
— Добра. Ці трэба было праводзіць парад на 9 Мая?
— Не. На маю думку, наогул парад ужо згубіў сваю актуальнасць. Усё ж такі ў нас ёсць больш важныя і патрэбныя рэчы ў краіне, куды варта было б укладваць грошы. Зразумела, варта памятаць пра загінулых на вайне, пра тыя падзеі, але гэтую памяць трэба выхоўваць праз заняткі ў школе, экскурсіі ў музеі, а не ездзіць на танках праз цэнтр горада. А так атрымліваецца, што праз парад нехта проста прасоўвае свае інтарэсы.
— Вы давяраеце афіцыйнай беларускай статыстыцы па Covid-19?
— Не. Калі адштурхоўвацца ад досведу іншых краін, не можа быць такой прорвы паміж паказчыкамі па захварэлых і памерлых, як пра гэта інфармуюць у Беларусі, – сказаў Макарэвіч.