Аляксандра Раманоўская: «Я заўсёды лічыла беларускую мову вельмі прыгожай. Для мяне яна такая мяккая, утульная, нібы песня»
Чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская ў інтэрв’ю pressball.by распавяла пра любоў да роднай мовы, піша «Прессбол».
– Аляксандра, адкуль у цябе такая любоў да роднай мовы? Як і да пірагоў — ад бацькоў?
– Нават і не ведаю. Бацька ў мяне з Украіны, але ў сям’і мы размаўлялі па-руску. Але я заўсёды лічыла беларускую мову вельмі прыгожай. Для мяне яна такая мяккая, утульная, нібы песня. Слухала музыку на беларускай мове, чытала кніжкі – і толькі пераканалася ў сваёй любові. Гэта заўсёды было недзе ўнутры, не ведаю.
Вось нядаўна дачытала «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, і пакуль што гэта лепшая кніга за апошні час, якая ў мяне была. Вельмі шмат пачуццяў было падчас чытання. Вельмі мяне кранула. Там шмат напісана пра прыгажосць зямлі і краіны, пра дабрыню людзей. Але таксама шмат – пра іх пакуты, няшчасці і цяжкі лёс. Таму не магу казаць, што гэта вясёлая кніга, але гэта не робіць яе ні кропелькі горшай.
– Твая ўлюбёная цытата з «Каласоў»?
– Я часта старонкі там для сябе загінала, вельмі шмат цудоўных думак было. Але ўсё ж вылучу гэту, нават скрын у тэлефоне захаваўся: «Ну і зямля! Бог ты мой, якая зямля! Дык, хаця б за прыгажосць, няўжо яна хоць кропелькі шчасця не заслужыла? Скубуць і скубуць, душаць і душаць…»
– Твой тата з Украіны, але мама беларуска?
– Так, мама беларуска, і бацькі яе таксама. Мая бабуля ў дзяцінстве жыла ў вёсцы ў напрамку Брэста, непадалёк ад Дзяржынска. Мы і зараз туды ездзім, але ўжо як на лецішча. У нас там стары дом, які пабудаваў яшчэ мой прапрадзед. Бабуля казала, што раней наша вёска адносілася да Польшчы і што недзе недалёка была мяжа з СССР. Там жа, у вёсцы, могілкі. Калі мы хадзілі туды да продкаў, заўсёды заходзілі ў старую частку, і я любіла шукаць незвычайныя для мяне імёны, напісаныя на лацінцы.