Вясна спрыяе здароваму і актыўнаму ладу жыцця на Карэліччыне. Спорт у нашым краі ў пашане сярод юных і дарослых жыхароў, сельскага і гарадскога насельніцтва. Вядома, ёсць над чым працаваць, але радуе, што гэта не перашкаджае перамогам у дадзенай сферы. Гэта ў чарговы раз прадэманстраваў агляд стану фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне за 2019 год. Пра асноўныя леташнія паказчыкі і поспехі распавёў галоўны спецыяліст Карэліцкага райвыканкама Мікалай Барэйка.
Раён са спартыўным характарам
Фізічнай культурай і спортам на Карэліччыне займаецца 3811 чалавек, што складае 19,7% ад агульнай колькасці жыхароў раёна. На прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах раёна дзейнічаюць 19 калектываў фізкультуры, 10 з якіх – у сельскай мясцовасці. Дапамагае карэліччанам актыўна праводзіць вольны час 41 штатны спецыяліст: 26 з іх працуюць ва ўстановах адукацыі, 8 трэнераў і кіраўнікоў – у ДЮСШ Карэліцкага раёна, 4 работнікі – у Карэліцкім раённым ФСК.
Для заняткаў фізічнай культурай і спортам насельніцтву прадастаўлены 84 спартыўныя збудаванні: стадыён “Юнацтва” у райцэнтры, 12 спартыўных залаў, 44 спартыўныя пляцоўкі, 8 футбольных палёў, 16 прыстасаваных памяшканняў і трэнажорных залаў, 4 стралковыя ціры. Не спыняецца спартыўнае жыццё і ў зімовы перыяд. Пры спрыяльных умовах надвор’я ў раёне функцыянуюць 3 хакейныя каробкі, ва ўсіх установах адукацыі заліваюцца каткі, уладкоўваюцца лыжныя трасы.
Праца ў шырокія масы
Спартыўна-масавыя мерапрыемствы ў раёне плануюцца такім чынам, каб задзейнічаць максімальную колькасць насельніцтва. У гэтым напрамку Карэліцкі ФСК арганізуе спаборніцтвы ў праграме спартакіяды сярод калектываў фізкультуры СВК, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў г.п. Карэлічы. За 2019 год праведзена 56 спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел 6655 чалавек.
Вялікая ўвага на Карэліччыне надаецца развіццю масавага футбола. Папулярнасцю карыстаюцца раённыя чэмпіянат і кубак, спаборніцтвы сярод сельскіх каманд “Залаты колас”.
Дзеці і моладзь таксама прыядноўваюцца да заняткаў спортам і фізічнай культурай. Для іх праходзяць спаборніцтвы па хакеі на прыз клуба “Залатая шайба”, па футболе на прыз клуба “Скураны мяч”, а таксама па валейболе, шашках, шахматах, настольным тэнісе, лыжных гонках. Эфектыўна дзейнічаюць у двух школах райцэнтра 2 спецыялізаваных па спорце класы, дзе 24 навучэнцы займаюцца гандболам. А непасрэдна ў сельскай мясцовасці прадстаўнікі падрастаючага пакалення праяўляюць свае спартыўныя здольнасці падчас спаборнітцваў па футболе і валейболе ў межах праграмы спартакіяды “Каласок”.
У цэлым, за падрыхтоўку спартыўнага рэзерву адказвае ДЮСШ Карэліцкага раёна, аддзяленні якой па відах спорту функцыянуць на базе 10 навучальных устаноў. Сёлета ў ДЮСШ займаецца 271 чалавек. Трэнерскі калектыў установы працуе не толькі на годнае прадстаўленне нашага раёна на спаборнітцвах розных узроўняў, але і на пошук і перадачу перспектыўных навучэнцаў у вышэйшае звяно спартыўнай падрыхтоўкі. Так, у вучылішчах алімпійскага рэзерву, школе вышэйшага спартыўнага майстэрства і камандах майстроў па гульнявых відах спорту ў 2019 годзе займаліся 17 карэліччан. Таксама летась у спіскавыя склады зборных каманд Беларусі было ўключана 7 нашых спартсменаў.
Такая праца дае і адпаведныя вынікі. Каманда карэліцкіх дзяўчат заняла 2 месца на абласных спаборніцтвах па футболе на прыз клуба “Скураны мяч”. Каманда юнакоў старэйшай узроставай групы заваявала бронзу на абласных спаборнітцвах па хакеі на прыз клуба “Залатая шайба”. З трэцім месцам вярнуліся на малую радзіму з абласной спартакіяды “Залаты колас” мужчынская каманда па футболе і і жаночая па валейболе.
Ганарыцца Карэліччына і дасягненнямі спартсменаў раёна на міжнародных спаборніцтвах. Прэзідэнцкі стыпендыят Аляксей Алфёраў уключаны ў склад кандыдатаў на ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа. А Мікалай Барыла стаў чэмпіёнам Еўропы па гіравым спорце.
Яшчэ адным добрым вынікам за мінулы год для Карэліцкага раёна стала 4 месца ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод раёнаў 2 групы.
На першых прыступках п’едэстала
26 сакавіка з удзелам намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгена Чычкана прайшло ўзнагароджанне пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай работы і фізкультурна-аздараўленчай работы па выніках працы за 2019 год.
Грашовыя прэміі на набыццё спартыўнага інвентара атрымалі калектывы фізкультуры СВК “Маяк-Заполле”, СВК “Жухавічы”, СВК “Свіцязянка-2003”, Карэліцкай ЦРБ і Карэліцкага дзяржаўнага прафесійнага будаўнічага ліцэя. Таксама былі высока адзначаны і леташнія поспехі спартсменаў з КСУП “Лукі-Агра”, Карэліцкага РАНС і Карэліцкага РУП ЖКГ.
Сярод устаноў адукацыі ў першай групе пераможцамі раённага агляду-конкурсу названыя сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы, Лукская сярэдняя школа і сярэдняя школа г.п. Мір. У другой групе тройка лепшых выглядае наступным чынам: Цырынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, Ярэміцкі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа і Аюцавіцкая базавая школа.
За значныя паказчыкі ў развіцці фізічнай культуры і спорту ў раёне заслужаныя прэміі і словы падзякі атрымалі настаўнікі фізічнай культуры Лукскай сярэдняй школы Уладзімір Грэмяка і Уладзімір Матусевіч, настаўнік фізічнай культуры Цырынскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Віктар Русак, настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы г.п. Мір Віктар Плюта, настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы Эдуард Пацына, трэнер-выкладчык па гандболе ДЮСШ Карэліцкага раёна Тамара Прохар, трэнер-выкладчык па цяжкай атлетыцы ДЮСШ Карэліцкага раёна Святаслаў Палуян, старшыня Карэліцкага раённага ФСК Вячаслаў Царук, педагог дадатковай адукацыі Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Іван Дзёмушкін, інструктар па спорце СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Барысік, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Маяк-Заполле” Вольга Грыгаровіч, інструктар па спорце СВК “Жухавічы” Аляксандр Рамановіч, адказны за спартыўна-масавую работу Карэліцкай ЦРБ Аляксандр Шашко, кіраўнік фізічнага выхавання Карэліцкага дзяржаўнага прафесійнага будаўнічага ліцэя Мікалай Чабатаровіч.
Віншуем з узнагародамі і жадаем моцы спартыўнага духу, алімпійскіх рэкордаў ды гучных перамог!
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з архіва «Полымя»