Сумесныя спаборніцтвы гімназістаў і воінаў-інтэрнацыяналістаў па стральбе з пнеўматычнай зброі адбыліся 22 лютага на базе гімназіі Глуска
Сумесныя спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай зброі адбыліся 22 лютага на базе гімназіі Глуска. Мерапрыемства прысвячалася дзвюм важным датам — 31-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана і Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Удзельнікамі спаборніцтваў сталі наведвальнікі стралковага гуртка гімназіі пад кіраўніцтвам Міхаіла Гурына, да школьнікаў далучыліся воіны-інтэрнацыяналісты Уладзімір Бабовік, Сяргей Лугін, Аляксандр Венгура, Ігар Губараў, Аляксандр Бобр. Па словах старшыні раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Міхаіла Тыльца, які і выступіў ініцыятарам перадсвяточнай сустрэчы, гэтыя сумесныя спаборніцтвы праводзяцца не столькі для таго, каб вызначыць самага трапнага, колькі для зносін, для таго, каб былыя салдаты афганскай вайны пабачылі, чаму вучацца і што ўжо ўмеюць у ваеннай справе сучасныя падлеткі. І праўда, хаця стралялі ўсе (па два пробныя і пяць заліковых стрэлаў), пераможцаў было вырашана вызначаць толькі сярод школьнікаў.
Сярод іх найбольшую колькасць ачкоў (34) выбіў і стаў пераможцам Віталь Краўчанка, другое месца заняў Аляксандр Скубілаў, трэцяе і чацвёртае падзялілі Елізавета Медзвядок і Уладзіслаў Падбярозкін. Падзякаваўшы школьнікам і дарослым за ўдзел у спаборніцтвах, Міхаіл Тылец (дарэчы, сярод дарослых ён выбіў большую колькасць ачкоў) павіншаваў усіх з Днём абаронцаў Айчыны і ўручыў юным стралкам заслужаныя граматы і падарункі ад раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота аўтара