Як мы ўжо паведамілі ў папярэднім нумары газеты, восем маладых матуль у Лепельскім раёне атрымалі самы дарагі падарунак на Новы год і Каляды — у іх нарадзіліся дзеткі. Адметнасцю стала і тое, што ў гэты перыяд
нараджаліся толькі дзяўчынкі.
З гэтай цудоўнай нагоды акушэрскае аддзяленне ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” наведалі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак і начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Алена Бельская.
Як толькі ўвайшлі ў аддзяленне, убачылі прыгожых маладых жанчын з немаўляці на руках. Вельмі прыемна было бачыць іх шчаслівыя ўсмешкі!
У рамках рэспубліканскай акцыі тром матулям, якія нарадзілі дзіцяці 31 снежня і першага студзеня — на скрыжаванні, калі можна так сказаць, гадоў — былі падрыхтаваны сюрпрызы Міністэрствам аховы здароўя. І хоць некаторым жанчынам прыйшлося сустракаць свята ў бальніцы, гэта не сапсавала ім настрой. Кожная з жанчын у гэтыя святочныя дні стала яшчэ больш шчаслівай. Вялікія скрынкі з наборам сродкаў для догляду дзіцяці, якія спатрэбяцца па першым часе пасля выпіскі, — выдатны падарунак да святаў. Акрамя таго, ад прафсаюзнага камітэта цэнтральнай раённай бальніцы жанчынам былі ўручаны букеты кветак.
Не засталіся без увагі і сюрпрызаў і астатнія матулі. Для іх ад райвыканкама і аддзела ЗАГС таксама быў падрыхтаваны прыемны сюрпрыз.
— Няма большага шчасця, чым нараджэнне дзіцяці, якое ў наступныя гады будзе радаваць вас сваімі поспехамі і дасягненнямі. Жадаю вам і вашым дзецям моцнага здароўя, шчасця, радасці, дабрабыту і любові, — адзначыў Віктар Азаронак і ўручыў жанчынам галоўны дакумент — пасведчанне аб нараджэнні.
— Кожная жанчына, калі яна становіцца маці, набывае яшчэ большую прыгажосць і адказнасць. А разам да яе прыходзіць і вялікае шчасце, — з цеплынёй адзначыла Алена Бельская. — Няхай жа ваша шчырая любоў будзе ўзнагароджана радаснымі момантамі і значнымі поспехамі дзетак.
А вось галоўны ўрач Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы Ілья Шандалесаў разам з найлепшымі пажаданнямі жанчынам зноў запрасіў шчаслівых маці наведаць медыцынскую ўстанову з мэтай паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі і выканання праграмы нацыянальнай бяспекі краіны.
Усе маладыя маці былі ўражаны ўвагай з боку медыцынскіх работнікаў і прадстаўнікоў улады, а таксама падарункамі, якія яны атрымалі з нагоды важнай у іх жыцці падзеі. Жанчыны шчыра падзякавалі шаноўным гасцям за шчырыя і цёплыя віншаванні.
Участковы ўрач-педыятр Ірына Арбузава адзначыла, што перыяд навагодніх святаў быў вельмі багаты на нараджэнні. Давялося працаваць 31 снежня і першага студзеня. Аднак Ірына Валер’еўна любіць сваю працу, таму і стомленасць адчувае толькі прыемную.
Частата сэрцабіцця, колер скуры, дыханне, мышачны тонус і рэфлексы, інтэнсіўнасць, эмацыйная афарбоўка крыку і шмат чаго іншага — трэба на ўсё звярнуць увагу доктару, каб дзіця было здаровае.
Выдалася магчымасць пагутарыць і з некаторымі матулямі.
Ілона Шчарбакова родам з Гомельскай вобласці, аднак лёс распарадзіўся так, што жанчына прыехала на Лепельшчыну. Маладая медсястра адразу захапілася работай, якая дапамагае людзям змагацца з хваробамі. Са сваім мужам пазнаёмілася на працоўным месцы, у кабінеце хірурга. А трапіў ён туды з апёкам. Адразу спадабалася хлопцу прыгожая дзяўчына, і ён не разгубіўся, папрасіў нумар тэлефона. Ілона з усмешкай прапанавала толькі рабочы нумар. Аднак ужо ў 2012 годзе маладыя людзі згулялі вяселле.
Старэйшай дачушцы Ілоны і Яўгена Анастасіі ўжо споўнілася сем год, Ганне — тры і вось цяпер на свет з’явілася Ніка. Тры прыгажуні-дачкі радуюць бацькоў сваімі поспехамі, няхай яшчэ і маленькімі.
Ілону ўражвае прыгажосць Лепельшчыны, ёй падабаецца работа ў бальніцы, таму ёсць надзея, што шчаслівая сям’я застанецца жыць у нашым раёне.
Маленечкі скрутак шчасця з’явіўся і ў сям’і Унтан.
— Адчуваю сябе добра. У нашай сям’і гэта першае дзіця. З нецярпеннем чакалі дачушку — і вось яна з’явілася на свет, — кажа Святлана.
Маладая маці нарадзіла дзяўчынку Валерыю першага студзеня. Муж, як даведаўся, што стаў бацькам, не змог уседзець дома, адразу прыехаў да каханай. І хоць не было магчымасці зайсці ў аддзяленне, ля акна крычаў: “Дзякуй, каханая, за дачку!”. 2019 год быў насычаным для маладых лю-
дзей. Яны не толькі ўступілі ў шлюб летам, а яшчэ і атрымалі падарунак да Новага года — кватэру ў Бароўцы, бо муж ваеннаслужачы.
***
Пасля свята Нараджэння Хрыстова ў акушэрскім аддзяленні было адразу некалькі выпісак матуль з дзіцяці.
Першым сустракаю тату Андрэя Іоду, які з нецярпеннем чакае сына і жонку. У маладой сям’і ўжо расце дачка-прыгажуня. Сафія ходзіць у першы клас сярэдняй школы №3. Дома ўсё падрыхтавана для новага члена сям’і — Станіслава Андрэевіча. Як кажа бацька, даўно марыў пра сына — і вось мара здзейснілася. Андрэй працуе памочнікам ляснічага Слабадскога лясніцтва, а маці Крысціна — настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №3.
— Напярэдадні Новага года, калі нарадзіўся сын, быў вельмі шчаслівы і гэтай радасцю дзяліўся з роднымі. Вельмі прыемна было прымаць віншаванні і ад сяброў, — кажа Андрэй.
— Мы вельмі чакалі гэтага і былі шчаслівыя ад такой навіны. Жадалі нараджэння ўнука менавіта ў 2019 годзе, бо бягучы — высакосны. Адчуваем сябе поўнымі моцы, як быццам памаладзелі, і гатовыя дапамагаць дзецям у выхаванні ўнука, — кажуць Наталля Галінок і Зінаіда Іода.
Вельмі прыемна было пагутарыць і са шчаслівай парай — Юліяй і Алегам Рудакамі. Даўно знаёмая з Юліяй як з добрым чалавекам і прафесіяналам. Яна — медыцынскі работнік, якога ведаюць шматлікія матулі, бо да яе прыходзяць на прышчэпкі. Медсястра ўмее знайсці падыход да маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, заўсёды дасць добрыя парады жанчынам, якія хвалююцца за здароўе сваіх дзяцей. Неаднаразова чула ад знаёмых толькі добрыя словы ў адрас гэтай мілай жанчыны. Ад усёй душы жадаем маладой маці вялікага жаночага шчасця і каб дзеці заўсёды радавалі сваімі поспехамі.
Для даведкі. У Беларусі ў першыя суткі 2020 года нарадзілася 145 немаўлят. Рэспубліканская акцыя адведвання нованароджаных і іх бацькоў праходзіць ва ўсіх абласцях. У акцыі прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, выканаўчых камітэтаў, аддзелаў ЗАГС і іншыя зацікаўленыя асобы.
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каранік павіншаваў маму Анастасію, якая нарадзіла дзіця ў 00.01 у Віцебскім абласным клінічным радзільным доме №1. “Не мае значэння, дзе знаходзіцца мама, у якой нарадзілася першае дзіця ў новым годзе: мы б прыехалі яе павіншаваць нават у самы аддалены куток. Тым больш, што ў гэтай матулі дзіця з’явілася ў першыя секунды новага года”, — адзначыў Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, такая падзея заўсёды з’яўляецца глыбока сімвалічнай. Сёння вельмі шмат робіцца для забеспячэння аднолькавай даступнасці грамадзян да медыцынскай дапамогі, каб незалежна ад месца пражывання кожны чалавек меў магчымасць атрымаць добрую спецыялізаваную медыцынскую дапамогу.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.