Высокакласны валейбол паказалі шэсць каманд
24.10.2019
—
Новости Спорта
Высокакласны валейбол паказалі шэсць каманд
Не пашкадавалі тыя валейбольныя заўзятары, якія ў пятніцу і суботу прыйшлі ў Шумілінскую СДЮШАР на гульні адкрытага першынства спартыўнай школы па валейболе. За перамогу змагаліся шэсць каманд.
Віцебск прадстаўлялі валейбалісты другога саставу ВК «Марка», які выступае ў вышэйшай лізе нацыянальнага валейбольнага першынства, Гомель, Мінск і Наваполацк – каманды, што гуляюць у дывізіёне «Б» нацыянальнага першынства. Гаспадары былі прадстаўлены дзвюма камандамі – «Шумілінская СДЮШАР» (валейба-лісты 2003 года нараджэння і старэй) і «Спадарожнік» (учарашнія выпускнікі спартыўнай школы).
Усе сустрэчы праходзілі ў цікавай і напружанай барацьбе. Не згубіліся на фоне майстравітых супернікаў шумілінскія каманды. І «Шумілінская СДЮШАР» , і «Спадарожнік» далі сапраўдны бой гасцявым камандам, чапляліся за кожнае ачко, вырывалі перамогі ў партыях, праўда, гульнявога вопыту не хапала для агульных перамог.
Падсумаваў турнір мінскі трэнер Сяргей Конанаў, які на працягу 20 год узначальваў юніёрскія і маладзёжныя зборныя Беларусі па валейболе: «Турнір вельмі высокага ўзроўню. Каманды падрыхтаваныя, моцныя. Вельмі парадавала каманда шумілінскай СДЮШАР. Калі б у Беларусі было каманд сем такога ўзроўню, то нашы юніёры і моладзь пастаянна былі ў прызавой тройцы еўрапейскага першынства».
Па выніках адкрытага першынства першае месца вый-грала гомельская каманда.
Надрукавана ў №84 ад 25.10.2019 г.