Не сакрэт, што турыстычны патэнцыял нашай краіны з кожным годам набывае ўсё большы маштаб. Вялікая колькасць рускіх, немцаў, кітайцаў і жыхароў іншых краін пераадольваюць сотні і нават тысячы кіламетраў, каб на свае вочы ўбачыць хараство некранутай прыроды, адчуць энергетыку старажытных замкаў і паласавацца традыцыйнымі беларускімі стравамі. Але каб пра Беларусь даведалася яшчэ больш іншаземцаў, перш за ўсё, неабходна, каб пра яе ведалі. Менавіта з гэтай мэтай на беларускую зямлю і завіталі журналісты з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, якія на працягу некалькіх дзён здымалі на Гродзеншчыне прэзентацыйны фільм.
Візіт арабскай тэлекампаніі “KKompany Media Solutions”, якая займаецца вытворчасцю медыяматэрыялаў і з’яўляецца адной з найбуйнейшых на Сярэднім Усходзе, адбыўся ў нашу краіну невыпадкова. Беларускае пасольства і Нацыянальнае турыстычнае агенцтва прапанавалі замежным карэспандэнтам зняць ролік або паўнавартасны фільм, які б адказваў на пытанне “Чаму неабходна наведаць Беларусь?” І, здаецца, аргументаў “за” ў гасцей з-за мяжы сабралася на самой справе шмат.
– Нягледзячы на тое, што ў Беларусі наша дэлегацыя толькі другі дзень, мы ўжо паспелі адчуць краіну і, у першую чаргу, – яе людзей, – дзеліцца ўражаннямі галоўны выканаўчы дырэктар тэлекампаніі “KKompany Media Solutions” Крыціка Рават. – Нават улічваючы тое, што большасць насельніцтва не размаўляе на англійскай мове, мы бачым іх добразычлівасць і жаданне дапамагчы ў той ці іншай справе.
У арсенале арабскіх журналістаў маецца ўжо дзевяць тэлевізійных праграм, якія распавядаюць пра Фінляндыю, Аўстрыю, Швейцарыю, Партугалію і інш. Варта адзначыць, што ўсе перадачы робяцца ў лёгкім для ўспрымання гледачоў фармаце з элементамі гумару, які не дае магчымасці засумаваць падчас прагляду.
Па словах гасцей з Усхода, пра Беларусь яны чулі шмат, але на свае вочы ўбачылі яшчэ больш. Асаблівае ўражанне ў іх выклікалі нашы лясы, у якіх “вельмі лёгка дыхаецца”. Не пакінула раўнадушнымі іншаземцаў і чысціня, пра якую заўсёды не забываюць нагадаць і іншыя замежныя турысты.
– Нас неверагодна здзіўляе… ваша натуральнасць. У Дубаі ж няма ні лясоў, ні якіх-небудзь сельскагаспадарчых культур, – на жаль, усё толькі штучнае, – працягвае Крыціка Рават. – Таму наш першы візіт у Беларусь – гэта насамрэч нібы пуцёўка ў рай (усміхаецца).
У першыя два дні замежныя журналісты паспелі наведаць санаторый “Альфа Радон”, а таксама музей “Замкавы комплекс “Мір”, дзе пры дапамозе старажытных касцюмаў ім давялося пераўтварыцца ў сапраўдных прынцаў і прынцэс. Не абышлося і без майстар-класа па танцам, які праз пэўны час стане часткай прэзентацыйнага фільма.
– Цікава, што ў радыёперадачы, дзе я расказвала слухачам пра нашу будучую паездку ў Беларусь, людзі не маглі зразумець, куды ж мы ўсё-такі едзем, – разводзячы рукамі гаворыць Крыціка Рават. – Адны думалі, што ў Бельгію, іншыя – што ў Белград… Таму наша мэта – расказаць насельніцтву Эміратаў пра неверагодна гасцінную і прыгожую Рэспубліку Беларусь, якая, дарэчы, знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы. І мы гэта зробім!
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара