В поселке Елизово «куют» резерв для сборной по гребле
Да спартыўных перамог
У той час, як равеснікі “завісаюць” на інтэрнэт-сайтах, 25 юных пасялкоўцаў рэгулярна спяшаюцца да вяслярнай базы Магілёўскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая тут размяшчаецца. Лета — самы спрыяльны перыяд для спартыўных заняткаў на вадзе. Пры арганізацыі падвозу школьнікі і з іншых населеных пунктаў маглі б займацца веславаннем на байдарках і каноэ, а пакуль гэтай магчымасцю карыстаюцца толькі ялізаўчане.
Сёлета зроблены рамонт у будынку. Набыла больш сучасны выгляд трэнажорная зала. Працягваецца рамонт камунікацый. А вось лодкі, якімі калісьці “па-брацку” падзялілася Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву, ужо выпрацавалі належны тэрмін і патрабуюць паступовай замены. Неабходны і іншы інвентар. Напрыклад, 10 выратавальных камізэлек, 6 вёслаў.
Трэнер Аляксандр Стальмакоў расказвае, што займаюцца рабяты з ахвотай, хаця даводзіцца падоўгу практыкавацца на трэнажорах, падымаць штангу, бегаць кросы, хадзіць на лыжах. Але хіба без развіцця сілы, трываласці, раўнавагі, хуткасці можна дасягнуць спартыўных вышынь? Нямала часу патрабуе навучанне таму, як трымаць вясло ці стаяць у каноэ. А яшчэ тут ходзяць у паходы, якія таксама многаму вучаць.
Пакуль гутарылі з трэнерам, у будынак сталі заходзіць хлопчыкі і дзяўчынкі. Пераапрануліся, звыкла падхапілі лодкі, якія важаць каля паўтара дзясятка кілаграмаў, і паспяшаліся да вады. Натхнёныя пераможнымі выступленнямі землякоў Багдановічаў, рабяты павеславалі насустрач сваім маленькім і вялікім перамогам…
Іна Заскевіч.
i.zaskevich@gzt-akray.by