Учора прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва
У мінулы чацвер ў межах адзінага дня інфармавання насельніцтва інфармацыйна прапагандысцкія групы, створаныя пры райвыканкаме і сельскіх саветах дэпутатаў, сустрэліся з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў гарадскога пасёлка, раёна, а таксама з насельніцтвам раённага цэнтра і сельскіх населеных пунктаў. Тэмай адзінага дня інфармавання стала “Беларусь спартыўная. Вынікі ІІ Еўрапейскіх гульняў”.
Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Васюкі. Сустрэча прайшла ў памяшканні мясцовага сельскага дома культуры.
Юрый Анатольевіч засяродзіў увагу прысутных на тым, што ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага спорту. Гэта з’яўляецца не толькі здароўем нацыі, але і адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Ён таксама агучыў словы, якія нядаўна выказаў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што дзякуючы перамогам беларускіх атлетаў фарміруецца імідж дзяржавы, выхоўваецца патрыятызм.
У нашым раёне таксама надаецца вялікая ўвага спорту. У гарадскім пасёлку сваю дзейнасць ажыццяўляе дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, якую наведваюць 178 чалавек. Ёсць і дасягненні вучняў установы. Так, у мінулым годзе яны прымалі ўдзел не толькі ў раённых, але і ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, займалі прызавыя месцы, падымаліся на вышэйшую прыступку п’едэсталу.
Прысутныя падчас сустрэчы задавалі намесніку старшыні райвыканкама пытанні. Так, жыхарка вёскі Мішуты паскардзілася, што каля населенага пункта няма дарожнага ўказальніка з назвай вёскі. Людзі часта не ведаюць, як трапіць менавіта ў Мішуты, калі побач размешчана вёска Лабуці, указальніка каля якой таксама няма. Жыхароў гэтых населеных пунктаў хвалюе пытанне стану дарожнага пакрыцця. Ад аграгарадка Васюкі і да вёскі Мішуты — гравійная дарога. Праблема ў тым, што яе вельмі рэдка грэйдзіруюць, а гэта стварае нязручнасці пры яздзе і аўтамабілістам, і веласіпедыстам.
Сёлета будзе закрыты Васюкоўскі дзіцячы сад. Ён на дадзены момант размяшчаецца ў адным будынку з фельчарска-акушэрскім пунктам. Паўстала пытанне аб пераносе ФАПа ў іншае больш прыстасаванае памяшканне. На дадзены момант адпрацоўваюцца розныя варыянты па пошуку будынка пад фельчарска-акушэрскі пункт, які будзе адпавядаць ўсім патрэбным нормам, а таксама стане зручным для наведвальнікаў.
Падчас сустрэчы абмяркоўваўся шэраг іншых пытанняў, вырашэнне якіх пад асабісты кантроль узялі намеснік кіраўніка раёна Юрый Анатольевіч Васілеўскі і старшыня Станіславоўскага сельскага Савета дэпутатаў Алена Георгіеўна Сідарчук.