II Еўрагульні. 10 дзён спартыўнага свята, якім жыла краіна, сталі гісторыяй
Апусцела “спартыўная вёска”, перасталі працаваць валанцёрскія групы, згасла полымя ІІ Еўрапейскіх гульняў. На душы ў кожнага, хто цікавіўся іх ходам, хварэў за любімых спартсменаў і радаваўся за мацнейшых, крыху самотна.
І ў той жа час краіна радуецца і ганарыцца сваімі атлетамі, якія прывялі каманду на другую прыступку п’едэстала гонару. На вяршыне аказаліся суседзі-расіяне: 109 медалёў. Беларусы таксама выступілі дастойна: 24 залатыя, 16 сярэбраных і 29 бронзавых узнагарод — унушальная скарбонка. На кожнай з 12 арэн землякі былі ў ліку лепшых.
Яркім завяршэннем спартыўнага форуму стала цырымонія закрыцця, на якой прысутнічалі кіраўнікі не толькі краіны-гаспадыні, але і Расіі, Таджыкістана, Арменіі.
На ўрачыстым мерапрыемстве пабывала і некалькі дзясяткаў асіпаўчан. Адзін з іх — Яўген Карпаў. Вось што ён расказаў:
— Спорт і фізкультура ў маім жыцці прысутнічалі заўсёды. Не раз удзельнічаў у спартакіядах, якія праводзяцца на Беларускай чыгунцы, дзе і працую. За II Еўрапейскімі гульнямі па меры магчымасці сачыў праз тэлерэпартажы. Цікава праходзілі камандныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Спадабалася саперніцтва па скачках у вышыню. Парадавалі самбісты і грабцы. У нядзелю збіраўся адправіцца ў сталіцу, каб самому акунуцца ў атмасферу гульняў, таму, калі райарганізацыя “БРСМ” прапанавала паехаць на цырымонію закрыцця, ахвотна скарыстаўся магчымасцю.
Свята атрымалася яркім, незабыўным. Больш за іншае ўразіла 16-метровая дэкарацыя ў выглядзе Нацыянальнай бібліятэкі. Кожная грань сімвала краіны выкарыстоўвалася як праекцыйны экран, на якім адлюстроўваўся ўвесь спектр эмоцый спартсмена, што падчас выступлення выкладаецца ў поўную меру сваіх магчымасцей. Гэта блізка і зразумела — сам адчуваў тое ж.
Спадабалася музычная праграма. Мне нават выпала паўдзельнічаць у выступленні валыншчыкаў, якія запрасілі гледачоў на танец. А яшчэ сустрэў у сталіцы многа знаёмых з іншых гарадоў краіны: з якімі вучыўся, меў стасункі па рабоце, спорце.
Спаборніцтвы завяршыліся. А спартыўнае жыццё працягваецца. Будзем спадзявацца, што стане яно яшчэ больш насычаным і выніковым!