Мірскі замак увасабляе сабой гістарычную славутасць нашай краіны, а музычнай па праву можна лічыць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга. І гэтыя выбітныя культурныя велічыні паяднала на карэліцкай зямлі 1 чэрвеня ў 16-ы раз свята мастацтваў “Мірскі замак – гонар ЮНЕСКА”.
Звонка і гучна адкрыла насычаны канцэртны дзень праграма “Залатыя трубы Беларусі”. Ва ўнутраным дворыку Мірскага замка на высокіх нотах распачаў свята ансамбль трубачоў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Ціхановіча.
Падхапіў урачысты настрой падзеі прыгожымі спевамі і крыштальнымі галасамі ў Партрэтнай зале замкавага комплекса вакальны ансамбль заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Міхайлавай. Класічнае выкананне твораў гарманічна спалучалася з джазавымі і нават эстраднымі эксперыментамі. Праграма “Беларуская музыка ў замкавай прасторы” стала для многіх сапраўдным адкрыццём і новым прачытаннем твораў айчынных кампазітараў.
І кульмінацыяй музычнага свята ў Міры можна смела назваць касмічнага хараства канцэрт у Мікалаеўскім касцёле, дзе да калектыву Наталлі Міхайлавай далучыўся струнны аркестр. Сёлета ў старадаўняй каталіцкай святыні гучала як заходнееўрапейская, так і беларуская класіка. Асобна варта адзначыць шыкоўную праграму “Вяртанне Станіслава Манюшкі ў айчынную музычную прастору”, прымеркаваную да 200-годдзя знакамітага беларускага кампазітара.
У Карэлічах свята мастацтваў пачалося з душэўнай і шчырай размовы работнікаў культуры, прадстаўнікоў мясцовых уладаў і СМІ з кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі народным артыстам Беларусі прафесарам Міхаілам Фінбергам, мадэратарам якой выступіў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык. Маэстра падзяліўся з прысутнымі ўспамінамі аб знакавых падзеях і сустрэчах у сваім жыцці, прызнаўся ў шчырай любові да карэліцкай зямлі і выказаў захапленне тым, наколькі шырокі водклік знаходзіць творчасць яго аркестра ў сэрцах жыхароў нашага краю.
Напрыканцы яскравага і дынамічнага дня карэліччан чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз ад аркестра Міхаіла Фінберга — эстрадны канцэрт “Захапляемся любімымі мелодыямі” ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Правераныя часам песні артысты спявалі разам з гледачамі. Лёгкая і з вялікім густам зробленая маэстра і яго адмысловымі музыкантамі праграма пакінула залу ў захапленні і была ўзнагароджана доўгімі авацыямі.
Кажуць, як пачнеш лета, так яго і правядзеш. Гэта значыць наперадзе Карэліччыну чакае тры месяцы музыкі, сонца, усмешак і выдатнага настрою!
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара