Турнір памяці Уладзіміра Высоцкага...

Источник материала:  
Турнір памяці Уладзіміра Высоцкага...

Цёплае зімовае надвор’е сустрэла ўдзельнікаў традыцыйнага раённага турніру па валейболе. Як заўжды, было шматлюдна ў спартыўнай зале ДУА «Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа». На гэты турнір, прысвечаны памяці Уладзіміра Высоцкага, сабралася шэсць мацнейшых каманд з розных арганізацый раёна.

Удзельнічалі каманды Дабромысленскага сельскага Савета, УП «Івацэвіцкая ПМК-18», вайсковай часці 7404, «Гардэмарыны», горада Косава. Упершыню брала ўдзел у турніры маладая перспектыўная каманда «Івацэвічдрэў».
 
Калі ў спартыўную залу на размінку зайшла каманда УП «Івацэвіцкая ПМК-18», яе ветэран Юрый Філіпеня, які ўжо 22 раз удзельнічае ў турніры, сказаў:
– Мне заўсёды прыемна і радасна прымаць удзел у гэтым знакавым спартыўным свяце, якое праходзіць на дабромысленскай зямлі. Тут існуе нейкі асаблівы спартыўны дух. 
 
У фае школы госці, спартсмены, балельшчыкі мелі магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Уладзіміра Высоцкага, паглядзець відэафільм пра яго творчасць; пазнаёміцца з гісторыяй турніраў са стэндаў, з экспазіцыямі школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. 
 
На працягу ўсіх 26 гадоў арганізатарам гэтага спартыўнага свята з’яўляецца Аляксандр Сплендзер, настаўнік фізічнай культуры і здароўя мясцовай школы. Дапамогу ў яго правядзенні аказваюць адміністрацыя і калектыў школы, прафсаюзная арганізацыя, старшыня Дабромысленскага сельвыканкама Мікалай Шаўчук. 
 
Ганаровымі гасцямі турніру былі старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, старшыня Дабромысленскага сельвыканкама Мікалай Шаўчук, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама Дзмітрый Пятроўскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Палто.
Пасля першай гульні адбылося ўрачыстае адкрыццё турніру. Права падняць сцяг спаборніцтва было прадстаўлена камандзе Дабромысленскага сельскага Савета, пераможцы турніру ў мінулым годзе.
 
З прывітальным словам да арганізатараў, спартсменаў і балельшчыкаў звярнуўся  старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока. 
 
Стала добрай традыцыяй падчас правядзення турніру частаваць яго ўдзельнікаў дабромысленскімі прысмакамі. Працаваў буфет, адбыўся кірмаш. Усе прысутныя маглі выпіць салодкай гарбаты на травах, пасмакаваць юшку, пачаставацца кандытарскімі вырабамі, якія былі прыгатаваны работнікамі школьнай сталовай Святланай Скрабец, Таццянай Голуб і Аленай Одрасавай, а таксама настаўніцамі Наталляй Касянік і Фаінай Цыганковай. 
 
Паралельна з валейбольным турнірам праходзіў турнір па настольным тэнісе, які праводзіў настаўнік фізічнай культуры і здароўя нашай школы Аляксей Суржык. У гэтым годзе ў ім прынялі ўдзел 17 спартсменаў. Пераможцам турніру стаў Мікалай Горбач (Дабромысленскі сельскі Савет), 2 месца заняў Аляксандр Шчурко («Івацэвічдрэў»), 3 месца – Іван Нікончык (в/ч 7404). 
 
Каманды былі падзелены на дзве падгрупы. Пераможцай першай падгрупы стала каманда УП «Івацэвіцкая ПМК-18», у другой падгрупе перамогу атрымала каманда «Гардэмарыны». Яны сустрэліся ў фінале валейбольнага турніру. З лікам 2:0 перамогу атрымала каманда УП «Івацэвіцкая ПМК-18», якой быў уручаны пераходны кубак і грамата. За трэцяе месца змагаліся каманды Дабромысленскага сельскага Савета і горада Косава. Перамогу атрымала каманда Дабромысленскага сельскага Савета з лікам 2:1. Каманды-прызёры былі ўзнагароджаны граматамі, памятнымі медалямі, а таксама караваямі, падарункамі ад РА ГА «БРСМ». 
 
Выступаючы на закрыцці турніру, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Палто падзякаваў калектыву школы і асабіста Аляксандру Сплендзеру за высокую арганізацыю спартыўнага свята.
 
Спонсарскую дапамогу ў правядзенні турніру аказалі раённая спартыўна-аздараўленчая ўстанова «Вымпел» (дырэктар Алеся Роік), райкам прафсаюза работнікаў АПК (старшыня Мікалай Палто), раённае аб’яднанне прафсаюзаў (старшыня Ігар Паўшко), РА ГА «БРСМ» (першы сакратар Вольга Белякова), Дабромысленскі сельскі Савет. 
 
Арганізатары і суддзі вызначылі мацнейшых ігракоў у наступных намінацыях: «Лепшы нападаючы» – Юрый Мінчук з каманды УП «Івацэвіцкая ПМК-18»; «Лепшы блакіруючы» – Вадзім Шаўчук з каманды Дабромысленскага сельскага Савета; «Лепшы абаронца» – Мікалай Сысоеў з каманды «Гардэмарыны»; «Ветэран турніру» – Юрый Філіпеня УП «Івацэвіцкая ПМК-18». Усе яны атрымалі граматы і валейбольныя мячы. 
 
Сцяпан Куніцкі, вёска Дабромысль.
Фота Вольгі Данчанка.
На здымку: З лікам 2:0 перамогу атрымала каманда УП «Івацэвіцкая ПМК-18», якой быў уручаны пераходны кубак і грамата. Узнагароджанне праводзіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Палто.

 

←Индивидуальные гонки на этапе КМ в Кэнморе будут сокращены из-за мороза. Эстафеты и масс-старты перенесены на другой день

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика