На мажорнай ноце правяла першыя сёлетнія вучэбна-трэніровачныя зборы нацыянальная зборная Беларусі па пляжным футболе. У Санкт-Пецярбурзе наша галоўная каманда краіны сустракалася з мясцовымі калектывамі — аднымі з лепшых у расійскім чэмпіянаце. Усе чатыры праведзеных паядынкі завяршыліся перамогамі беларускіх пляжнікаў.
Сёлетні год для нашых біч-сокераўцаў вельмі адказны і напружаны. Чаго толькі вартыя чэмпіянат свету, Еўрапейскія гульні ці матчы Еўралігі. Таму і падрыхтоўка зараз вядзецца самая грунтоўная. Спарынгі з пецярбуржцамі ў яе праграме насілі вельмі карысны характар. Шэраг ігракоў з паўночнай сталіцы Расіі выступаюць за зборную нашых усходніх суседзяў.
У саставе беларускай дружыны выступалі кіраўчане — палявыя ігракі Вадзім Бокач, Арцемій Дрозд і Юрый Пятроўскі, а таксама галкіпер каманды “Кіраўск-СДЮШАР” Уладзімір Усціновіч.
У першым матчы з камандай “Сіці” па агульнай дамоўленасці футбалісты правялі замест звыклых трох перыядаў ажно пяць. Прапусцілі 7 галоў, затое забілі 12! У ліку іншых вызначыўся Вадзім Бокач. Затым беларусамі былі абыграны “Альянс” (6:2) і ПФК “Яблычная” (8:5). Найбольш упартай аказалася барацьба з адным з мацнейшых расійскіх клубаў “Крысталам”. І ўсё ж нашы землякі святкавалі перамогу з лікам 3:2.
Трэнінг-кэмпы будуць прадоўжаны ў лютым.