Юныя спартсмены з Зельвы, Ваўкавыска, Навагрудка, Росі, Мінска і Карэліч сустрэліся 15 снежня ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці на незвычайным мерапрыемстве — першых адкрытых спаборніцтвах клуба «Белы тыгр» па шотакан каратэ-до ў раздзелах ката ў гонар 220-годдзя Адама Міцкевіча, дзе паядналіся баявое мастацтва і паэзія.
Рабяты (усяго 30 чалавек) змагаліся за перамогу па-даросламу: на татамі выходзілі ўпэўнена і ў баявым настроі, а хваляванне пакідалі прысутным у зале родзічам. Нядзіўна, што судзейскай камісіі прыйшлося няпроста, бо кожнае выступленне было моцным і эфектным.
Радуе, што наш клуб «Белы тыгр» традыцыйна прадэманстраваў высокі ўзровень. Першае месца прынёс «тыгратам» Ягор Сякач, другое — Кірыл Арцюх і Кірыл Куліцкі, трэцяе — Іван Баярэнка і Аляксандр Крапіўніцкі. Таксама выдатна выступілі Мацвей Абадзінскі, Мікалай Касцюк, Іван Несцер, Антон Дробыш і Аляксандр Барыла, у іх — чацвёртыя месцы.
Сярод іншых клубаў у асабістым заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — Ксенія Вайтчук («Бассай», Ваўкавыск), Аляксандр Толкач («Айсберг», Мінск), Яраслаў Нарута («Канку», Рось), другое — Арцём Салаў («Фудосін», Зельва), Данііл Мельгуй («Айсберг», Мінск), трэцяе — Дзяніс Пікулік («Айсберг», Мінск).
У камандным заліку «белыя тыграты» сталі трэцімі і чацвёртымі ва ўзроставай катэгорыі 7-12 гадоў (на першых прыступках п’едэсталу — прадстаўнікі мінскага клуба «Айсберг» разам з Яраславам Нарута з «Канку»). А ў старэйшай групе (9-13 гадоў) яны заваявалі не толькі бронзу, але і срэбра, дзякуючы Кірылу Арцюху, Мікалаю Касцюку і Яраславу Кандрусіку (золата адышло да спартсменаў з клубаў «Бассай» і «Фудосін»).
У агульнакамандным заліку карэліцкі «Белы тыгр» стаў першым, на другім месцы — «Айсберг», на трэцім — «Канку».
Запомніліся спаборніцтвы не толькі ўдалымі выступленнямі, але і паэтычнай часткай. «Белыя тыграты» разам са сваім трэнерам Аляксандрам Абадзінскім, дырэктарам Карэліцкага РЦКіНТ Наталляй Гароднік і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшынёй РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Інай Санчук звярнуліся да творчасці Адама Міцкевіча і прадэкламавалі яго творы.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара