5 жніўня ў Люсіне і Ганцавічах прайшлі чарговыя гульні адкрытага чэмпіянату раёна па футболе. Цікава, што каманды, якія атрымалі перамогі ў гэтых сустрэчах («Люсіна» і «Лясгас»), датэрмінова сталі недасягальнымі для сапернікаў, якія знаходзяцца ў турнірнай табліцы з 4 па 7 месцы. А гэта значыць, што ні «Люсіна», ні «Лясгас» без прызавых месцаў не застануцца.
«Люсіна» на мясцовым школьным стадыёне прымала гасцей з Клецкага раёна – «Чырвоную Зорку». Па меркаванні многіх, люсінская каманда была фаварытам у дадзеным матчы. Аднак на самай справе футбалісты «Чырвонай Зоркі» аказалі сур’ёзнае супраціўленне гаспадарам поля, якія ў выніку атрымалі няпростую перамогу з лікам 2:1. Галамі ў люсінцаў вызначыліся Віталь Занька і Кірыл Жданюк, у гасцей – Дзмітрый Паўлоўскі.
Такім чынам, дзякуючы гэтай перамозе, каманда «Люсіна» забяспечыла сабе адзін з камплектаў медалёў. Відавочна, што пасля даволі няўдалага мінулага сезона гэты вынік для люсінцаў безумоўна можна лічыць паспяховым.
А вось малькавіцкі «Інтэграл» і «Лясгас», якія гулялі паміж сабой на стадыёне ДЮСШ адразу пасля сустрэчы чэмпіянату вобласці, без перабольшвання падарылі гледачам самы бескампрамісны і самы яскравы паядынак чэмпіянату раёна ў гэтым годзе.
Пачатак сустрэчы застаўся за ганцавіцкай камандай. На працягу некалькіх хвілін нападаючы «Лясгаса» Артур Чудук вызначыўся двойчы, а яшчэ праз некаторы час Аляксей Студэнт зрабіў лік 3:0 на карысць «лясгасаўцаў». Здавалася, што гульня зроблена. Аднак на другі тайм футбалісты «Інтэграла», як падалося, выйшлі на поле з зусім другім настроем. Адразу пасля перапынку каманды абмяняліся галамі з пенальці: у «Інтэграла» вызначыўся лепшы бамбардзір чэмпіянату Дзмітрый Жукоўскі, а ў «Лясгаса» – Іван Вадапьян. Потым «лясгасаўцы» забілі і пяты гол (яго на свой рахунак запісаў Уладзіслаў Дайлід). Але і пасля гэтага «Інтэграл» не кінуў гуляць, скараціўшы лік да мінімуму – 5:4. Адразу ж каманды зноў абмяняліся галамі. Спачатку ігрок «Інтэграла» Аляксандр Дземчанка перапыніў мяч, які ляцеў у вароты, рукамі, за што быў выдалены, а Артур Чудук упэўнена рэалізаваў трэці пенальці ў сустрэчы – 6:4. А яшчэ праз некалькі хвілін Дзмітрый Жукоўскі зноў скараціў раўнавагу ў ліку – 6:5. Да заканчэння гульні каманды стварылі яшчэ некалькі небяспечных момантаў ля варот адна адной, але больш забіць так і не здолелі. Фінальны свісток зафіксаваў перамогу «Лясгаса» з лікам 6:5.
Такім чынам, у чэмпіянаце раёна засталося згуляць пяць сустрэч: «КПД» – «ПМС», «Чырвоная Зорка» – «КПД», «ПМС» – «Інтэграл», «Арбіта» – «Інтэграл» і «Лясгас» – «Арбіта».
Такім чынам, чэмпіёнства (ужо завочна) паміж сабой хутчэй за ўсё разыграюць каманды «Лясгас» и «ПМС». Зусім мала шансаў на тое, што каманда «ПМС» саступіць і «КПД», і «Інтэгралу», а «Арбіта» пераможа «Лясгас» з розніцай у 7 ці больш галоў (у такім выпадку чэмпіёнам стане каманда «Люсіна»). У барацьбе за першае месца невялікую перавагу мае каманда «ПМС» у тым плане, што залежыць сама ад сябе. Калі «меліяратары» атрымаюць дзве перамогі ў заключных матчах супраць «КПД» і «Інтэграла» (пры пэўных раскладах можа хапіць нават адной перамогі, або перамогі і нічыі), то менавіта яны і стануць чэмпіёнамі. А вось «Лясгасу» неабходна перамагаць «Арбіту» (пажадана з як мага больш буйным лікам) і спадзявацца на тое, што «КПД», або «Інтэграл» здолеюць адабраць ачкі у каманды «ПМС».
Што ж, наперадзе ў чэмпіянаце – самае цікавае. Па папярэдняй інфармацыі у суботу, 11 жніўня, паміж сабой згуляюць «Арбіта» і «Інтэграл», а ў нядзелю – «Чырвоная Зорка» і «КПД». Заключныя сустрэчы з удзелам каманд «ПМС» і «Лясгас» запланаваны на 18 або 19 жніўня. Больш падрабязны расклад заключных паядынкаў чэмпіянату будзе апублікаваны на сайце «СП» і ў наступных нумарах раёнкі.
Уладзімір ЗАНЬКА.