У Шаркаўшчынскім раёне прайшоў абласны турзлёт работнікаў ААТ “Белаграпрамбанк”
Прайшло не так многа часу пасля спартыўных баталій раённага турзлёту, як у маляўнічых мясцінах каля вёскі Барсукі зноў загучалі вясёлыя і звонкія галасы турыстаў. На гэты раз тут праходзіў абласны турзлёт работнікаў Рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”. Для банкаўскіх работнікаў гэта была цудоўная магчымасць адпачыць ад лічбаў, рахункаў, разлікаў і на два дні забыцца пра разнастайныя фінансавыя аперацыі.
Падчас урачыстага адкрыцця турзлёту старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака прывітаў яго ўдзельнікаў і пажадаў добрага адпачынку на шаркаўшчынскай зямлі. Начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Алег Жынгель падзякаваў шаркаўчанам за гасціннасць і дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства. Дарэчы, яго бацька нарадзіўся ў Шаркаўшчынскім раёне, таму яму было асабліва прыемна, што для правядзення сёлетняга 10-га па ліку турзлёту былі выбраны менавіты гэтыя мясціны.
Згодна з лепшымі турыстычнымі традыцыямі праграма мерапрыемства ўключала ў сябе мастацкую самадзейнасць, вялізнае вогнішча і разнастайныя конкурсы, сярод якіх былі такія арыгінальныя, як “Шанхайскі футбол”, “Аўстралійскае мнагабор’е” ды іншыя.
Па выніках конкурсаў у агульнакамандным заліку першае месца занялі віцебчане, на другім месцы — аб’яднаная каманда Глыбокага, Паставаў, Шаркаўшчыны, Браслава. Трэція — прадстаўнікі Оршы, Дуброўна і Талачына.
Пасля ўзнагароджання пераможцаў каманды навялі парадак і з самымі лепшымі ўражаннямі ад турыстычнага злёту накіравіліся дадому.
Андрэй БУРЭЦ.