У мінулыя выхадныя стартаваў чарговы адкрыты чэмпіянат раёна па футболе. Цікава, што абедзве сустрэчы завяршыліся ўнічыю, прычым з аднолькавым лікам — 2:2.
У суботу пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў, удзел у якой прыняў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў, у Ганцавічах на поле стадыёна ДЮСШ выйшлі каманды «Інтэграл» і «КПД». Футбалісты «Інтэграла» (гэтая каманда, толькі пад назвай «АверсЛес», у мінулым годзе стала чэмпіёнам раёна) лічыліся перад гэтым матчам безумоўнымі фаварытамі. Аднак іх сапернікі з камбіната панэльнага домабудавання (адзначым, што большасць з іх з’яўляюцца менавіта работнікамі КПД) далі сапраўдны бой чэмпіёнам і заслужана атрымалі першае ачко ў сёлетнім чэмпіянаце.
Лік у гульні выдатным ударам са штрафнога адкрыў футбаліст «КПД» Сяргей Савеня. Доўгі час лічбы на табло не мяняліся: “Інтэграл” настойліва, але безпаспяхова атакаваў, а «КПД» самааддана і надзейна абаранялася. Развязка прыйшлася на апошнія хвіліны сустрэчы. За 5 хвілін да фінальнага свістка ў вароты «КПД» быў прызначаны пенальці, які рэалізаваў Дзмітрый Жукоўскі і тым самым зраўняў лік — 1:1. Футбалісты «Інтэграла» кінуліся забіваць другі гол, але тут жа прапусцілі контратаку і Яўген Шушко вывеў «КПД» наперад — 2:1! Аднак ужо ў дададзеныя арбітрам хвіліны Дзмітрый Жукоўскі паспяхова выканаў штрафны ўдар і тым самым устанавіў канчатковы лік сустрэчы: нічыя — 2:2.
З такім жа лікам завяршыўся паядынак у Люсіне, дзе мясцовая каманда прымала «Лясгас» з Ганцавіч. Каманда «Лясгас» (касцяк гэтай каманды складаюць футбалісты мінулагодняй каманды «Будаўнік») лічылася фаварытам сустрэчы. У цэлым невялікай перавагай валодалі футбалісты «Лясгаса». Менавіта яны і адкрылі лік у матчы: пасля розыгрышу вуглавога вызначыўся Мікіта Бусел. Другі тайм пачаўся з атак люсінскай каманды, якая не толькі здолела зраўняць лік, але і выйшла наперед – 2:1. Пасля гэтага футбалісты «Лясгаса» перахапілі ініцыятыву, стварылі некалькі небяспечных момантаў ля варот гаспадароў, адзін з якіх за 10 хвілін да фінальнага свістка рэалізаваў Аляксандр Дайлід – 2:2.
Наступныя гульні адкрытага чэмпіянату раёна па футболе пройдуць з 30 чэрвеня па 3 ліпеня. Больш падрабязны расклад сустрэч будзе вядомы пазней. Па стане на сённяшні дзень свой удзел у першынстве пацвердзілі 8 каманд: ганцавіцкія «ПМС», «КПД», «Лясгас», малькавіцкі «Інтэграл», «Люсіна», «Хатынічы», а таксама дзве каманды з Клецкага раёна – «Чырвоная Зорка» і «Арбіта» (Азярэчча).
Уладзімір ЗАНЬКА.