На п’едэстале
Каманда Глускага лясгаса заняла трэцяе месца ў XXI абласной летняй спартакіядзе работнікаў лясной гаспадаркі Магілёўскай вобласці, якая праходзіла на пачатку чэрвеня.
Спартсмены-аматары, як паведамляецца на сайце Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, змагаліся ў сямі відах спаборніцтваў: міні-футболе, лёгкай атлетыцы, гіравым спорце, стральбе з лука па выявах жывёл, тэнісе, валейболе і плаванні. Прадстаўнікі Глускага лясгаса былі сярод лепшых у настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы і гіравым спорце.
Павел Крук перамог у настольным тэнісе сярод мужчын і ў кросе на 2 000 метраў сярод мужчын да 35 гадоў, Святлана Нікітка заняла трэцяе месца ў настольным тэнісе сярод жанчын, Анатоль Муха і Уладзімір Герман у падыманні гіры ў сваіх вагавых катэгорыях былі таксама трэцімі. Агульная колькасць балаў па выніках усіх спаборніцтваў прынесла глушчанам трэцяе месца, апярэдзіць іх змаглі толькі Краснапольскі і Быхаўскі лясгасы (усяго ўдзельнічала 13 каманд).
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ