22-23 чэрвеня ў Карэліцкім раёне адбудзецца маладзёжны турыстычны злёт. Як паведамілі ў раённым камітэце ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», удзельнікаў чакаюць актыўны адпачынак і мноства сюрпрызаў.
У першы дзень турзлёту, 22 чэрвеня, каманды чакаюць турыстычная паласа перашкод, спаборніцтвы па валейболе, а таксама конкурс «Быт турыста». Найбольш відовішчным абяцае стаць конкурс «Паласа перашкод». Удзельнікі павінны будуць паставіць і зняць палаткі, прайсці па бервяну і праз буралом, праскакаць па купінах, пераправіцца па вяроўках. Самыя дужыя турысты паспаборнічаюць у падняцці гіры.
Кампетэнтнае журы ацэніць падчас злёту і майстэрства кухараў, якія павінны будуць прыгатаваць штосьці смачнае і засервіраваць стол. Першы дзень адпачынку завершыцца традыцыйнай дыскатэкай пад адкрытым небам і песнямі каля вогнішча. Дарэчы ў гэтым годзе конкурс на лепшую песню будзе прысвечаны 100-годдзю ВЛКСМ.
Другі дзень абяцае быць не менш насычаным, чым першы. У праграме — спаборніцтвы па міні-футболе, дартсе, перацягванні каната. Будзе вызначана і самая актыўная каманда лагера, якая атрымае памятны падарунак.
Пераможца раённага маладзёжнага турыстычнага злёту прадставіць Карэліцкі раён на абласным турзлёце 5-7 ліпеня.
Іна ЛЕЙКА.