Сакрэты майстэрства трэнера Шпакоўскага...
У нашым раёне на сённяшні дзень толькі адзін спартыўны трэнер мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю – гэта Аляксандр Аляксандравіч Шпакоўскі, трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы Целяханскага аддзялення ўстановы СДЮШАР г. Івацэвічы. Нагадаем, што вышэйшую катэгорыю спецыяліст можа атрымаць толькі тады, калі яго выхаванец паказвае высокія рэзультаты на міжнародных стартах. У гэтым сэнсе герою нашай публікацыі ёсць кім ганарыцца: яго вучань, майстар спорту міжнароднага класа Міхаіл Абрамчук, на сённяшні дзень лепшы штурхальнік ядра ў Беларусі, член зборнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы.
– Ці лёгка знайсці ў асяродку 8-10-гадовых дзяцей “самародка”, які праз 6-8 гадоў заявіць аб сабе ў вялікім спорце? – такім было першае пытанне ў аўтара дадзенай публікацыі да Аляксандра Аляксандравіча. На гэта мой суразмоўца адказаў наступнае: “Знайсці нескладана, куды больш цяжка і важна прывіць у хлопчыка ці дзяўчынкі цікавасць да спартыўнай дысцыпліны – і каб гэтая цікавасць доўжылася не месяц-другі, а стала другой натурай”.
У гэтым сэнсе прыклад Міхаіла Абрамчука ці прыклад папярэднікаў, хто “з-пад крыла” трэнера Аляксанд-
ра Шпакоўскага “выпырхнуў” у вялікі спорт, – найлепшы стымул для дзяцей, якія займаюцца ў аддзяленні зараз. Хлопчыкам і дзяўчаткам з Целяханаў, хто займаецца бегам, штурханнем ядра, кіданнем дыска, – ёсць на каго раўняцца. Пераемнасці пакаленняў спартсменаў Целяхан-
шчыны няма спыну.
І гэта не проста прыгожыя словы! Сам Аляксандр Шпакоўскі – выхаванец Целяханскага аддзялення
СДЮШАР, яго першым трэнерам стала сённяшняя калега, паважаная і добра вядомая ў Целяханах і далёка за межамі пасёлка Аляксандра Пазняк. Сёння яны куюць спартыўныя кадры для раённай СДЮШАР, для вучылішчаў алімпійскага рэзерву…
Хаця, як узгадвае першы трэнер Аляксандра Пазняк, у дзяцінстве Аляксандр Шпакоўскі моцным здароўем не вылучаўся, дапякалі рэўматызмы, але цяга да спорту, свежае паветра і якаснае харчаванне зрабілі, здаецца, немагчымае: 14-гадовы юнак, які паказваў добрыя вынікі на спартыўных пляцоўках, быў накіраваны ў школу алімпій-
скага рэзерву, дзе яшчэ больш павысіў спартыўны ўзровень, атрымаў высокае званне “Майстар спорту СССР”. Звярну ўвагу, што ў нашым раёне адзінкі маюць такое высокае званне. Ён спаборнічаў на стадыёнах усіх былых рэспублік СССР – ад Душанбэ да Таліна. Але зноў-такі траўмы – і пасля заканчэння інстытута фізічнай культуры ў Мінску 26-гадовага Аляксандра Шпакоўскага сардэчна сустракаюць на роднай зямлі.
І вось ужо 28 гадоў ён спартыўны трэнер, які падрыхтаваў для вучылішчаў алімпійскага рэзерву дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак. Кожны з іх атрымаў свой шанц – рэалізаваць сябе ў спорце, у жыцці. І не толькі! Бо кожны з іх стаў яшчэ і больш спрытным, лоўкім, гарманічна развітым юнаком ці дзяўчынай.
Сяргей Васілевіч, дырэктар установы СДЮШАР г. Івацэвічы:
– Кожны год Аляксандр Шпакоўскі накіроўвае сваіх выхаванцаў у вучылішчы алімпійскага рэзерву, яны могуць рэалізаваць сябе ў такіх дысцыплінах, як штурханне ядра, кіданне дыска, бег... Увогуле, у Целяханах моцныя спартыўныя традыцыі, Аляксандру Шпакоўскаму даводзіцца ездзіць са сваімі выхаванцамі па ўсёй рэспубліцы – і ён не лічыцца з уласным часам. Работа ў яго на першым месцы!
Разам з тым Аляксандр Шпакоўскі даволі аўтарытэтны трэнер, дзеці яго любяць і паважаюць, ён – майстар спорту СССР, многаму можа навучыць, таму дзеці, хто наведвае аддзяленне ў Целяханах, – “прыкіпелі” да лёгкай атлетыкі надоўга. Аляксандр Аляксандравіч – паважаны чалавек, на такіх трымаецца спорт у нашым раёне.
Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).