У мінулую нядзелю завяршыўся чарговы адкрыты кубак раёна па міні-футболе. Упершыню ў сваёй гісторыі ўладальнікам трафея стала каманда «ПМС».
У суботу прайшлі чвэрцьфінальныя гульні, якія прынеслі некалькі нечаканых вынікаў. Так, бронзавы прызёр сёлетняга чэмпіянату, малькавіцкі «Інтэграл», саступіў баранавіцкамі «Штурму» з лікам 3:4.
Яшчэ больш нечакана завяршыўся паядынак паміж камандамі «Партызан» і «Арбіта». Каманда з Азярэчча, якая не лічылася фаварытам у дадзеным супрацьстаянні, атрымала сенсацыйную перамогу з лікам 3:2.
У кроку ад сенсацыі былі і футбалісты «Сатурна», якія вялі ў ліку ў сустрэчы супраць каманды «ДЮСШ», але ў выніку саступілі ў дадатковы час з лікамм 7:3.
Нарэшце, футбалісты «ПМС» не пакінулі шансаў ганцавіцкаму «Будаўніку» – 9:1.
У нядзелю адбыліся паўфінальныя сустрэчы, а таксама гульня за 3-е месца і фінальны паядынак. У першым паўфінале футбалісты «ПМС» з лікам 5:2 перамаглі каманду «ДЮСШ», а ў другім баранавіцкі «Штурм» аказаўся мацней за «Арбіту» – 2:0.
У матчы за 3-е месца сустрэліся каманды «ДЮСШ» і «Арбіта». Асноўны час сустрэчы завяршыўся ўнічыю – 3:3. А вось у серыі пенальці мацнейшымі аказаліся футбалісты з Азярэчча, якія ў выніку і сталі ўладальнікамі ўладальнікамі бронзавых медалёў.
У фінальным паядынку сустрэліся каманды «ПМС» і «Штурм». Да перапынку на пляцоўцы назіралася больш-менш роўная гульня: сёлетні чэміпіён раёна, каманда «ПМС», валодала перавагай, але баранавіцкія футбалісты мала ў чым саступалі саперніку. Аднак пасля перапынку футбалісты «ПМС» у поўнай ступені пацвердзілі свой фаварыцкі статус і ў выніку атрымалі ўпэўненую перамогу з лікам 6:2. Лепшымі ігракамі фінальнага матча былі прызнаны Аляксандр Рабцэвіч («ПМС») і Аляксандр Бірук («Штурм»).
Пасля заканчэння фінальнай сустрэчы адбылася цырымонія ўзнагароджвання прызёраў і пераможцаў. Футбалісты каманды «Штурм» атірымалі дыплом і медалі за другое месца, а каманда «ПМС» узнагароджана дыпломам, медалямі і галоўным трафеем турніру – кубкам.
Тэкст Уладзімір ЗАНЬКА.
Фота Армінэ МАЎСІСЯН.