Вiталь Гуркоў: «Не згодны з меркаваннем, што адлік беларускай дзяржаўнасці варта весці з ХХ стагоддзя. А чаму не з часоў Полацкага княства?»
Чэмпiен свету па муай-тай Вiталь Гуркоў рассказаў, каго лiчыць самым выдатным палiтыкам у гiсторыi Беларусi.
«Выбітны кіраўнік, выдатны палітык. Мне імпануе, што для свайго часу ён быў досыць дэмакратычным дзеячам, і побач з ім людзі адчувалі сваю годнасць, бо былі вольнымі. Акрамя таго, пры ім Вялікае Княства Літоўскае, наша старажытная дзяржава, дасягнула буйных памераў па мерках Еўропы, а гэта ў эпоху Сярэднявечча з’яўлялася паказчыкам паспяховасці.
На мой погляд, у падручніках гісторыі Беларусі перыяду праўлення Вітаўта нададзена недастаткова ўвагі. Вельмі сціпла адзначаны яго заслугі. «Так, быў Вітаўт, яго ледзь не забілі, але ён здолеў збегчы, а потым стаў на чале ВКЛ». Насамрэч, тут ёсць пра што пагаварыць і чым ганарыцца.
Кульмінацыя дзейнасці? Мне падаецца, гэта яго ўнёсак у перамогу ў Грунвальдскай бітве. То бок ён не толькі кіраваў значнай часткай войска, але і непасрэдна сам прымаў удзел у сечы, чым даў зразумець, што не баяўся страціць жыццё за Радзіму. Хаця княскае становішча дазваляла яму назіраць за развіццём падзей, кіруючы бітвай здалёк.
Вы можаце бачыць, што палякі і літоўцы называюць пераможцамі ў Грунвальдской бітве сябе. Але ж гэты поспех у велізарнай ступені быў забяспечаны сіламі і нашых продкаў. Вядома, людзям падабаюцца пераможцы, і яны самі хочуць перамагаць. Мне толькі крыўдна, што беларусы не шануюць подзвіг дзядоў так, як гэта робяць нашы суседзі. Не будуюць на аснове падобных падзей нацыянальную годнасць, свядомасць.
Я разумею, чаму. Гэта наступствы таго, што народу сцерлі гістарычную памяць. Мабыць, таму ён стаў такім памяркоўным, занадта гнуткім, гатовым усё забыць, толькі б яго не чапалі. «Грунвальдская бітва, Вітаўт? Ай, забірайце іх сабе».
Ведаеце, я не згодны з меркаваннем, што адлік беларускай дзяржаўнасці варта весці з ХХ стагоддзя. А чаму не з часоў Полацкага княства, нашай першай дзяржавы? Пачакайце, усе гэтыя адзінаццаць стагоддзяў мы ж дзесьці былі, будавалі гарады, жылі па цывілізаваных парадках. У нас былі магдэбургскае права, чацвёртая ў хрысціянскім свеце друкаваная Біблія на сваёй мове, славуты III Статут ВКЛ, эпоха Рэнесансу… Наколькі я ведаю, наш Статут вельмі паўплываў на развіццё права ў еўрапейскіх краінах, ён быў правобразам сучаснай Канстытуцыі. І, што важна, Статут быў напісаны і выдадзены на старабеларускай мове — дзяржаўнай у ВКЛ.
І не варта звяртаць увагі на тое, што ўласна Беларусь у гістарычных дакументах з’яўляецца толькі ў Новы час. Проста Беларусь — гэта штучная назва, якая была навязаная нашым продкам у часы Кацярыны II, каб выкрасці ў нас мінулае. Я магу прывесці яе цытату, бо спецыяльна вылучыў яе да інтэрв’ю. «Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и память про самих себя».
Дык вось, я хачу сказаць, што асабіста ў мяне Вітаўта і шмат чаго яшчэ, што мае дачыненне да нашай гісторыі, ніхто не адбярэ, – сказаў Гуркоў.