Футбалісты Вышынскія: сітуацыя ў маладзечанскім футболе катастрафічная

Источник материала:  

Аляксей и Дзмітры Вышынскія. Фота Наталлі ТУР.

Дзмітры і Аляксей Вышынскія – бацька і сын, якія ў камандзе ДЗЮСШ-4  адстойваюць гонар Маладзечна ў абласных спаборніцтвах па футболе.

На дваіх у спадароў Вышынскіх амаль паўвека футбольнага стажу. Дзмітры іграе ўжо больш за 30 гадоў. Аляксея бацька прывёў  на стадыён, калі той яшчэ і хадзіць толкам не ўмеў.

Таму і пра стан маладзечанскага футбола разважаюць на поўным сур’ёзе, робячы высновы і выносячы прапановы.

Аляксей Вышынскі: У футбол хачу гуляць, каб спаць, есці і рухацца

На сустрэчу першы прыйшоў Аляксей з сумкай і ноутбукам:

– Я проста адразу ў Мінск на вучобу еду, сесія хутка.

– А дзе вы вучыцеся?

– У БДУ, будучы эканаміст-менеджар, але калі я знаходжуся на парах, мяне заўсёды такі жах ахоплівае: як гэта ўсё жыццё правесці ў офісе, без футбола? У футбаліста ж жыццё ідэальнае: паспаў, паеў, патрэніраваўся, зноў паеў… Але  так можа падацца толькі таму, хто не ведае, што такое двухгадзінная трэніроўка.  Асабліва напярэдні сезона, калі трэба вельмі многа бегаць і скакаць “жабкамі”. Я скажу так: мне падабаецца займацца футболам, рухацца наперад,  а калі  яшчэ атрымліваць за гэта некія грошы, то гэта і ёсць мара.

 – Вы футболам займаецеся даўно?

– З дзяцінства. І першай цацкай, здаецца, быў футбольны мяч, што бацька падарыў.

– Як гэта, гуляць у адной камандзе з уласным татам?

– Прышпільна (усміхаецца). Бывае, што пасля дрэннай гульні бацька і падваліць можа. Але крыўды на яго не маю, таму што ведаю, што ён лепей ведае, як трэба. Я сябе адношу, хутчэй, не да тых футбалістаў, якім з дзяцінства дадзена гуляць у футбол, а да тых, хто сваё ўменне напрацоўвае з часам. Таму мне важныя думка і бацькі, і трэнера Аляксандра Гармазы. Я ўвогуле яго лічу выбітным трэнерам і за тое, што і гуляць вучыць, і за тое, што заўсёды словы патрэбныя знаходзіць.

– Ці ёсць у вас у футболе запаветная мара? Напрыклад, у камандзе якой сусветна вядомай згуляць?

– Вядома ёсць. Але з тых мар, якія тэарэтычна маглі б спраўдзіцца: хацелася б сабраць усіх маладзечанскіх хлопцаў і выйграць з імі першую лігу Чэмпіянату краіны.  Глядзіце,  якая магла б атрымацца каманда: Сяргей Цвяцінскі, які цяпер іграе ў вышэйшай лізе за Слуцк, Дзмітры Вяршыцкі з “Белшыны”, Сяргей Корсак з “Беліта Вітэкс”, Ігар Нарожнік з  ФК “Смаргонь”,  Яўген Курловіч з ФК “Слонім” і нашы хлопцы. Мог бы быць матч стагоддзя. Але пакуль не будзе ў горадзе чалавека, які палюбіў бы футбол, нічога новага са станам футбола не зменіцца.

Дзмітры Вышынскі: У другой лізе цяпер гуляюць лебедзь, рак і шчупак

– Як вы ацэніваеце сённяшні стан футбола ў Маладзечне? – пытаюся ў Дзмітрыя Вышынскага як у чалавека, які прысвяціў футболу большую палову жыцця.

– Сітуацыю ў нашым футболе можна пазначыць адным словам – катастрофа. Цяпер з новым хакейным клубам увогуле прасвету не відаць.

– А вы сочыце за гульнямі ФК “Маладзечна”?

– За гульнямі не сачу, калі атрымліваецца, то наведваю. У мяне такое адчуванне, што на полі іграюць лебедзь, рак і шчупак. Ніхто не разумее,  дзе хто знаходзіцца.  Вось у апошняй гульні, якую я бачыў, Прохара Новікава Дзмітры Ганчароў (РГ: трэнер ФСК “Маладзечна-2013”) паставіў на левы бок ў абарону. Хіба толькі больш не было, каго паставіць. Прохар не горшы за тых, хто іграў  у цэнтры. Нават з трыбунаў было бачна, што яму нязручна там. Прохар гулец крэатыўны, у цэнтры поля ад яго толку было б болей. У футболе цяжкасцяў жа асаблівых няма, схема простая: адкрыўся, прыняў, аддаў. Не разумею, як трэнер каманды не можа бачыць відавочных рэчаў.

– А сябе вы бачыце на трэнерскай рабоце?

– Чаму не, у мяне і адукацыя дазваляе. Толькі пакуль прапаноў не паступала. Я і так, можна сказаць, у нечым трэнер. Трэнірую, вучу моладзь. Бывае, што Пятровіч (РГ: Аляксандр Гармаза, трэнер ДЗЮСШ-4) не дакрычыцца з броўкі, тады непасродна з поля бяру кіраванне на сябе. А хто ж яшчэ дзяцей навучыць? Вось мы размаўлялі з кіраўніцтвам “Маладзечна-2013”, яны гульцоў прасілі. А як ім дзяцей аддаць? Атрымоўваецца, што аддаём іх у нікуды. Ну пагуляюць год, а на наступны год зноў грошай не дадуць, і што тады?

– Вы гулялі ў футбол у пачатку 90-х. Чым той футбол прынцыпова адрозніваўся ад цяперашняга?

– Стаўленнем да футбалістаў. Прыгадайце, хто быў тады кіраўніком горада? Генадзь Карпенка, ён і перад гульнёй у распранальню заходзіў,  і на матчы выязныя з намі, бывала, ездзіў. А цяпер? Вось далёка хадзіць не трэба, у мінулым годзе за тое, што мы сталі трэцімі на вобласці, нас запрасілі ў выканкам на ўручэнне медалёў. Але час прызначылі на тры гадзіны дня. Для каго гэта зрабілі? Дзеці ў школе, дарослыя на працы.

У выніку прыйшоў Віталь Казяк, згроб узнагароды ў кішэню і пааддаваў нам.

А што, так цяжка было зрабіць урачыстае ўзнагароджанне, зладзіць невялікі канцэрт?

– Выйсце ёсць з такога становішча?

– Магло б быць. Са свайго боку я бачу адно, што калі б у мінулым сезоне Дзяніс Мятліцкі (РГ: былы трэнер ФСК “Маладзечна-2013”) стрымаў свае амбіцыі і пагадзіўся працаваць з Гармазой, то у маладзечанскіх футбалістаў з’явіўся б шанец на нармальную гульню. А тое, што

цяпер у камандзе гуляюць футбалісты, якіх Ганчароў назбіраў па аб’яўцы на вакзале, гэта абсурд.

Відаць, трэба самаму станавіцца такім Капскім (РГ: старшыня праўлення  ФК “БАТЭ”) і падымаць з каленяў маладзечанскі футбол.

←Глен Хэнлон: Беларусь должна гордиться достижениями своих хоккеистов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика