Мядзел. Чаму сталі чэмпіёнамі? Таму што згуртаваныя
капітан каманды Мядзела Віктар Гіль задаволены выступленнем каманды. Фота Алеся Высоцкага.
Абыграўшы ўсіх мясцовых сапернікаў, каманда Мядзела заканамерна заняла першае месца ў чэмпіянаце раёна па міні-футболе. Капітан каманды Віктар Гіль аналізуе, што паспрыяла перамозе, і канстатуе, што ўзровень чэмпіянату расце.
– Як удалося перамагчы?
– Мае меркаванне такое: выйгралі за кошт таго, што ў нас згуртаваная каманда. З дзяцінства ведаем адзін аднаго, у футбол гуляем. Доўгі час трэніруемся разам.
Раней, як не было ў Мядзеле фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, у зале санаторыя “Сосны” гулялі.
Таксама ўважліва разбіралі прайшоўшыя гульні. І пасля мінулага сезона было моцнае жаданне рэабілітавацца. Мы настройваліся тады на перамогу, але не атрымалася, былі трэцімі.
Прытым, наша каманда ўзроставая – сярэдні ўзрост каля 37-ці год. З аднаго боку, гэта перашкаджае гуляць, бо сілы ўжо не тыя, але затое вопыт ёсць.
– Ці адбыліся змены ў складзе параўнанні з мінулым чэмпіянатам?
– Узмацніліся адным гульцом – да каманды далучыўся Валодзя Рагель. Але ён і раней з намі трэніраваўся.
– Хто апроч вас, у складзе каманды?
– Яўген Лаеўскі, Віктар Карзевіч, Анатоль Байко, Аляксандр Клечка, Уладзімір Рагель, Аляксандр Падбярэзскі, Генадзь Койра, Аляксандр Якубоўскі, Антон Шыдлоўскі, Віктар Качарго.
– Які самы складаны матч быў у чэмпіянаце?
– З мінулагоднім чэмпіёнам – камандай “Зубраня”. Там маладыя хлопцы гуляюць – практычна ўсім да 30 год, шмат бегаюць. Барацьба была вельмі ўпартай. Выйгралі матч з лікам 5:4. Уключылі ўсе свае магчымасці. І пашчасціла нам больш: моманты былі і ў іх, і ў нас. Мы свае рэалізавалі.
– Чэмпіянат праводзіўся ў другі раз. Што пра яго ўзровень скажаце?
– Узровень каманд расце – узяць тыя ж каманды райваенкамата, СДЮШАР ды іншыя. Вельмі добра, што заявілі дзіцячую каманду “Юніёр”. Трэба, каб больш дзіцячых каманд удзельнічала – для таго, каб іх узровень рос. Бо мы ўжо старэем, неабходна, каб змена была. Добра, што ўдзельнічала ў чэмпіянаце каманда з Пастаў (яна гуляла па-за конкурсам). Моцная каманда, у гульнях з ёй набываеш вопыт.
– На наступны чэмпіянат якія планы?
– Будзем старацца ўтрымаць першае месца. Заўсёды складаней утрымаць тытул, чым заваяваць яго, бо на гульні з чэмпіёнам іншыя каманды сур’ёзна настройваюцца.