Юныя спартсмены ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па ратаванні на водах

Маладзечанец Анатоль Тарасевіч прымае ўзнагароду і віншаванні ад начальніка цэнтра прапаганды і навучання Мінскага абласнога ўпраўлення Валерыя Вайцяховіча.
25 сакавіка ў Крупскім раёне прайшло адкрытае першынство Мінскай вобласці па выратаванні на водах і плаванні брасам. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з Маладзечна і Вілейкі.Каманду Маладзечанскага раёна прадстаўлялі Уладзіслаў Валовік, Яўген Тайкевіч, Уладзіслаў Штыроў, Руслан Кушаль, Анатоль Тарасевіч, Глеб Весялоў, Барыс Весялоў, трэнер каманды Ігар Дземідовіч.
У асабовым заліку ў спаборніцтве па плаванні брасам першае месца заняў Анатоль Тарасевіч, вучань сярэдняй школы №11. Каманда Маладзечанскага раёна ў агульным заліку заняла 3-е месца.
Першынство праводзіцца з мэтай папулярызацыі прафесіі выратавальніка-пажарнага, развіцця ў падлеткаў навыкаў і ўменняў аказання дапамогі тапельцам, далейшага павышэння спартыўнага майстэрства, выяўлення наймацнейшых спартсменаў для камплектавання зборнай каманды Мінскай вобласці.
Каманда Вілейскага раёна складалася з пяці чалавек.
– У падобных спаборніцтвах наша каманда ўдзельнічае трэці год, – паведаміў інспектар Дзяржпажнагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Балаш. – І гэтым разам выступілі найлепей.
Лепшыя вынікі віляйчане паказалі ў этапе “выратаванне на водах”. У асабовым заліку Сяргей Трусевіч быў першым, а Яўген Маліноўскі – трэцім. У выніку ў камандным заліку на гэтым этапе віляйчане перамаглі.
У плаванні брасам Аляксей Смолік заняў трэцяе месца.