Футбольныя заўзятары Маладзечна збіраюць подпісы ў падтрымку футбольнай каманды
У адказ на заяву кіраўніцтва ФК “Маладзечна-2013” аб тым, што каманда не будзе ўдзельнічаць у другой лізе чэмпіянату рэспублікі, маладзечанскія заўзятары стварылі петыцыю.
У петыцыі аматары футбола звяртаюцца да старшыні Маладзечанскага райвыканкама Аляксандра Яхнаўца, старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры і да старшыні Мінскай абласной федэрацыі футбола Алега Чыкуна з просьбай знайсці сродкі і даць шанец камандзе на ўдзел у сезоне 2014 года.
Прыводзім поўны тэкст петыцыі:
“Ад 1949 года каманда горада Маладзечна выступае на рэспубліканскім узроўні.
Сезон 2014 павінен стаць юбілейным, 65-ым, для нашай каманды.
Але ўзнікла вялікая праблема − з-за стварэння ў горадзе хакейнай каманды і, як вынік, недастатковага фінансавання, няма, нібыта, магчымасці ўтрымліваць футбольны клуб.
Хоць заявачны ўнёсак скараціўся ў гэтым годзе з 77 да 40 млн. бел. руб.!
Больш за тое, у гэтым сезоне чэмпіянат будзе праходзіць па занальным прынцыпе, што дазволіць скараціць выдаткі на выязныя матчы.
Маладзечна − футбольны горад, у нас ёсць свая спартыўная школа, стадыён на 4800 месцаў і велізарная аўдыторыя балельшчыкаў і людзей, якім неабыякавы лёс самага відовішчнага і масавага віду спорту.
Усіх, хто неабыякава ставіцца да гісторыі і сённяшняга дня маладзечанскага футбола, прашу падпісаць гэтую петыцыю! Часу вельмі мала”.
Падпісаць петыцыю можна ТУТ.
Нагадаем, што лёс каманды будзе вызначаны 24 сакавіка.
Спартыўны сезон 2014. Катаемся на каньках і складаем планы на футбол