Ігар Шабан: “Вілія” працягне гуляць у чэмпіянаце вобласці. 100%”
Ігар Шабан
Па якой прычыне ў мінулым сезоне "Вілія" фінішавала апошняй у першай лізе чэмпіянату вобласці па футболе? Дзе яна працягне гуляць?Пра гэта даведаемся з размовы са старшынём Вілейскай раённай федэрацыі футболу Ігарам Шабаном.
– Як бы вы ацанілі мінулы год для вілейскага футбола?
– У цэлым, ён быў не вельмі ўдалым. Бо ў першай лізе чэмпіянату Мінскай вобласці “Вілія” заняла апошняе месца (праўда, адна каманда знялася, так былі б перадапошнімі). А ў сезоне 2012 года былі ж пятымі.
– На ваш погляд, якая прычына няўдачы?
– Галоўная прычына тая, што хлопцы гуляюць самі па сябе. Цалкам адсутнічае фінансаванне. Улада часткова дапамагае транспартам, як і некалькі нашых прадпрыемстваў. А бывае, транспарт ёсць, а няма паліва – і капітан каманды вымушаны шукаць па знаемых, як яго заправіць. І такая сітуацыя ўжо некалькі год. Калі ў мінулыя гады хлопцам, можа, хацелася самім штосьці даказаць, то з кожным годам энтузіязму ўсё менш. Адсюль і склад каманды такі: гуляюць усе, хто паехаў – бывае, без замен, бывае, другі варатар выходзіць у поле. А калі няма нармальнага складу, адпаведныя і вынікі. “Вілія” летась стала адзінай камандай у чэмпіянаце, якая ніводнага ачка не атрымала на выездзе.
І нікому нічога не скажаш. Сёння гулец хоча ехаць, заўтра не хоча. І паўплываць немагчыма, бо ўявіце: у аддаленыя гарады ты ў дзевяць гадзін раніцы выехаў, у дзевяць вечара вярнуўся, і яшчэ харчуешся за свае грошы.І так з мая па лістапад. Можна толькі “дзякуй” сказаць, што хлопцы дагулялі да канца, каманда не знялася са спаборніцтваў.
Год і два таму тэлефанаваў у іншыя каманды вобласці, пытаўся, як у іх з харчаваннем, з формай, даплатамі. На той момант практычна ўсе, хай з затрымкамі, але грошы на харчаванне атрымлівалі. “Вілія” была адзінай камандай, якая іх не мела.
Што яшчэ да прычын няўдалага выступлення... Не было стабільнасці ў варотах. Калі не памыляюся, пяць чалавек варатарамі былі за сезон, нават адзін палявы гулец пару разоў па тайме вароты абараняў.
Ну і крыху не шанцавала ў некаторых гульнях. Выйграй адну гульню ў канкурэнтаў – маглі быць і 10-мі, 11-мі.
– “Вілія” апусцілася ў другую лігу чэмпіянату Мінскай вобласці. Там жа гуляць працягне?
– Там будзем гуляць стопрацэнтова – хай нават і такія ўмовы застануцца. Бо ў другой лізе ўсяго сем каманд, шэсць выездаў. А магчыма, нейкія змены будуць у правядзенні чэмпіянату: дзве лігі аб’яднаюць і падзеляць па тэрытарыяльным прынцыпе.
Па-любому гуляць трэба. Бо тады няма сэнсу трымаць гарадскі стадыён. І калі пару год не пагуляеш на прыстойным узроўні, то потым вельмі цяжка пачынаць.
– Як сезон для вілейскіх аматараў футболу складаецца?
– Звычайна пачынаем турнірам па міні-футболе на сінтэтычнай пляцоўцы ў першай школе ў красавіку-маі. Каманд 16-18 збіраецца. Практычна адначасова гуляем Кубак Вілейскага раёна па футболе на пляцоўках каледжа: для таго, каб гульцы падрыхтаваліся да першынства вобласці. Летась удзельнічала восем каманд.
Потым з мая “Вілія” пачынае гульні ў чэмпіянаце вобласці. З пачатку ліпеня ў нас першынство раёна па футболе. Касцяк каманд ёсць – шэсць, адна-дзве, бывае, дабаўляюцца. Працягваецца чэмпіянат да канца кастрычніка. А завяршаем сезон ў зале калядным турнірам па міні-футболе. Ужо у 20-й раз яго праводзілі.
– У гэты графік збіраецеся штосьці дабаўляць?
– Магчыма, у гэтым годзе збяром некалькі камандаў, прыедзем у Мядзельскі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр і згуляем за два дні турнір. Даехаць недалёка, зала вялікая. Бо дасягненню вынікаў у міні-футболе на абласным узроўні перашкаджае тое, што няма ў Вілейцы фізкультурна-аздараўленчага комплексу з вялікай залай – гуляем у маленькай.
– У лідарах у вілейскім футболе адны і тыя ж каманды?
– Як правіла, так. У нас “Буддэталі з “Першым Беларускім” змагаюцца за прызавыя месцы.
Адноснай нечаканасцю стала чацвёртае месца “Шылавічаў” у калядным турніры па міні-футболе. А выйграў турнір “Юніёр” – тут таксама нічога дзіўнага. Усе гульцы, апроч варатара, са зборнай горада: ці раней гулялі ці цяпер. Яны ўсё жыццё ў гэтай маленькай зале трэніраваліся, і навыкі ім дапамагаюць.
– Ці дабаўляецца моладзь у каманды?
– Пакрысе прыцягваем у раённыя каманды. Але на абласны ўзровень яны пакуль не цягнуць. Толькі крыху на замену Сяргей Яноўскі выходзіў. Сярод моладзі ёсць такія, хто гуляюць, здаецца, няблага. Але ў іх потым, можа, жаданне знікае ці чым іншым цікавяцца.
– Ці прыходзяць гледачы на матчы “Віліі”?
– На здзіўленне, летась у нас іх было больш гледачоў, чым у 2012 годзе. Фанацкая група з'явілася, падлеткаў 15-20, крычалкі прыдумалі.
Асобна пра гарадскі стадыён трэба сказаць. Ён у нас адзін з горшых у вобласці. Няма часткі трыбун. У невялікім будынку, дзе распранальні, няма даху, усе цячэ. Ужо другі праект рэканструкцыі стадыёна гатовы. Але ці будуць на гэта сродкі, невядома, бо патрабуецца больш за 20 мільярдаў рублёў. Баюся, што яшчэ не адзін год будзем праводзіць футбольныя матчы ў такіх умовах.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.