Спартыўная экспазiцыя
У Магілёве адкрылі Залу алімпійскай і спартыўнай славы.
Новы музей прапісаўся ў будынку побач з прадстаўніцтвам НАКа ў Магілёўскай вобласці.
Экспазіцыя сабрала ўзнагароды, якія заваявалі магілёўскія спартсмены на розных спаборніцтвах. Сотні экспанатаў таксама расказваюць пра гісторыю развіцця фізічнай культуры і спорту ў рэгіёне. Сярод іх асобае месца займае падарунак Аляксандра Масяйкова — чэмпіёна ХХV летніх Алімпійскіх гульняў, якія прайшлі ў 1992 годзе ў Барселоне. Двойчы чэмпіён свету, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, ганаровы грамадзянін Магілёва перадаў музею лодку, на якой выступаў і рыхтаваўся да алімпійскіх спаборніцтваў.
— Адкрыццё Залы алімпійскай і спартыўнай славы Магілёўшчыны — знакавая і доўгачаканая падзея, — адзначыў у час урачыстай цырымоніі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік. — Важна, што музей знаходзіцца практычна ў самым цэнтры горада, дзе заўсёды шмат моладзі, бо ён ствараўся перш за ўсё з мэтай выхавання маладога пакалення на слаўных і багатых традыцыях развіцця спорту ў вобласці і высокіх дасягненнях нашых землякоў.
Пётр Руднік назваў сімвалічным той факт, што Зала алімпійскай і спартыўнай славы адчыніла дзверы напярэдадні ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў. Глава рэгіёна выказаў надзею, што гэта надасць сілы і ўпэўненасці спартсменам вобласці, якія ў складзе беларускай зборнай прымаюць удзел у Алімпіядзе ў Сочы.