Сярод вілейскіх чэрлідэраў лепшыя “Фарсажыкі”
момант конкурсу
27 студзеня адбыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу піянерскіх каманд па чэрлідынгу “Піянерскія іскры”.Прайшоў ён на базе раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Чэрлідынг – гэта сучасны выгляд спартыўнага танца з элементамі гімнастыкі, які прапагандуе здаровы лад жыцця і пазітыўнае стаўленне паміж людзьмі. Папулярнасць чэрлідынгу ў апошні час хутка расце. Гэта новы напрамак цікавы для людзей розных узростаў, у першую чаргу, для дзяцей і падлеткаў. Чэрлідэры выходзяць на спартыўныя пляцоўкі, каб стварыць атмасферу прыгажосці і прывабнасці.
У конкурсе прынялі ўдзел каманды чэрлідэраў з Вілейскай гімназіі №2, сярэдніх школ №1 і №3, а Вілейская гімназія №1 “Логас" прадставіла дзве каманды. Удзельнікі ўразілі сваёй згуртаванасцю, пазітыўнасцю, сінхроннасцю рухаў, рытмічнасцю і лёгкасцю выканання праграмы.
Пасля працяглых спрэчак члены журы прыйшлі да адзінага меркавання: пераможцам раённага этапу стала каманда “Фарсажыкі” з Вілейскай гімназіі №1 “Логас”.
Жадаем “Фарсажыкам” годна прадставіць Вілейскі раён на занальным этапе рэспубліканскага конкурсу піянерскіх каманд па чэрлідынгу, які адбудзецца 22 лютага. У ім возьмуць удзел таксама мацнейшыя каманды Мядзельскага, Валожынскага і Маладзечанскага раёнаў.
Наталля РЫЖЭВІЧ,
намеснік дырэктара Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Фота забяспечана Наталляй Рыжэвіч.