Зімовыя віды спорту хутка вымруць?

Другі месяц зімы Беларусь так і не можа дачакацца снежнага покрыву. Праз гэта, зразумела, карэктуецца графік спаборніцтваў у зімовых відах спорту. А як гэта адбіваецца на падрыхтоўцы спартсменаў?
Распавядае намеснік дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №1 Вольга Гушчына:
− Вядома,графік спаборніцтваў давялося мяняць. Але мы не ўпадаем у роспач: у мінулым годзе лыжны сезон мы пачалі ў сакавіку. Так што, усё наперадзе. А не будзе снегу, то і не трэба.
− А спартсмены... Як такое надвор’е адбіваецца на іх падрыхтоўцы?
− А як жа веласіпедысты зімой? Трэніруюцца ў зале. Так і лыжнікі. Рэгулярна праходзяць трэніроўкі ў зале. Да таго ж, надвор’е дазваляе займацца лыжна-ролерным спортам.
Сумую па марозе ў мінус 27
− Мяркую, што калі надвор’е будзе і далей такім незімовым, колькасць спартсменаў можа і зменшыцца,
−гаворыць Міхаіл Петух, кіраўнік турыстычнага клуба “Чарапашкі” цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, − таму што падрыхтоўкі ў спартыўнай зале ўсё ж такі недастаткова. Лыжы, канькі і іншыя віды зімовага спорту патрабуюць навыку, які, на жаль, у закрытым, цёплым памяшканні не напрацуеш.
− А вам, як турысту, такое надвор’е, напэўна, падабаецца больш?
− Не скажыце. Мы, турысты, радуемся любому надвор’ю. Чым цяжэйшыя ўмовы паходу, тым лепей для развіцця, для турыстычнага досведу. У мінулым годзе ў нас быў выпадак. Выходзілі ў паход, калі на двары было мінус 5. А ноччу, у лесе, раптам ударыў мароз аж мінус 27 градусаў!
Вы ведаеце сэнс выразу “траскучыя маразы”? Што гэта за дзіва, вам не перадаць! Такое адчуванне, што ты гномік, сядзіш у лесе, а на цябе ідзе волат. Усе дрэвы трашчаць так, што вушы закладвае.
Так што, мароз – гэта добра, я яшчэ выбраўся б такім надвор’ем у лес. Шкада, што правілы тэхнікі бяспекі не дазваляюць гэтага рабіць.
Аматары лыжаў з сумам глядзяць у акно
Ад такога надвор’я пакутуюць перш за ўсё аматары зімовых відаў спорту: лыжнікі і сноўбардысты. Як яны адчуваць сябе ў такое надвор’е, адказвае спартсмен-аматар сноўбардыст Максім Лістапад.
− Як правіла, лыжнік і сноўбардыст − гэта хобі. Таму мы займаемся сваімі руціннымі справамі, часам з сумам гледзячы ў акно. А тыя, хто захоплены нашмат мацней, ці прафесійныя спартсмены трэніруюцца ў залах на батуце (гэта датычыцца фрыстайлістаў), ездзяць на летніх лыжах. У каго бюджэт дазваляе, той, вядома, ездзіць катацца туды, дзе снег ёсць.
− А калі зіма так і не надыдзе, якую альтэрнатыву зімовым відам спорту вы маглі б прапанаваць?
- Пакуль у краіне існуюць лядовыя палацы, крытыя гарналыжныя комплексы, будуць і зімовыя від спорту. Мяркую, яны не знікнуць.
Альтэрнатыва спорту − толькі спорт , але тут кожны выбірае сам, у мяне зараз плаванне. Я не абмяжоўваюся адным відам, чаго і іншым жадаю.
− Як вы ўвогуле ставіцеся да цяперашняй зімы?
− У прыроды няма дрэннага надвор’я , а ў банкаўскай карткі няма межаў. Зіма ёсць, толькі не ў нас. А наогул, як і любы рамантык, я люблю зіму і чакаю яе ў канцы месяца. Не прыйдзе – паеду яе шукаць. А бясснежныя зімы бываюць сумнымі толькі тады, калі ў цябе няма фантазіі.
Наталля ТУР.
Фота pikabu.ru, забяспечанае Максімам Лістападам