Дваццаць пяць год у Вілейцы навучаюць каратэ

Источник материала:  

момант юбілейнага турніру

Клубу “Самурай” з Вілейкі споўнілася 25 год.

Яго трэнер Сяргей Кірыевіч расказвае ў інтэрв’ю пра гісторыю клуба і дасягненні яго спартсменаў, прыгадвае, як яго зацікавіў каратэ кубінец, тлумачыць, якую карысць заняткі прыносяць дзецям.

Адразу крыху пра гісторыю клуба…

– Клуб “Самурай” быў створаны ў 1988 годзе. Напачатку ён называўся “Дзяржынец”. Арганізаваў клуб Аляксандр Паліўка. На той час гэты від спорту быў у навіну. Дзяцей у зале было столькі, што ў вялікім зале не хапала месца нават падчас размінкі. Хадзілі на заняткі нават сем’ямі.  На першых жа спаборніцтвах вілейскія спартсмены заваявалі медалі. І чым далей, тым больш.

Якія найбольшыя дасягненні ў вілейскіх каратыстаў былі?

– У 90-ыя гады ўдзельнічалі ў міжнародных турнірах, чэмпіянатах Еўропы: былі і ў прызёрах, а Руслан Балаховіч стаў чэмпіёнам Еўропы. Хацелася б адзначыць тых людзей, якія заваявалі славу клубу: Максім Гарамыкін, Віктар Гуранкоў, Ігар Трусаў, Аляксандр Каратыш, Дзмітрый Тарговіч, Кірыл Шуванаў, Ягор Кузмічоў, Наталля Вяжэвіч, Алена Шарафановіч, Віталь Дзяруга і шмат іншых.

А як мянялася цікавасць дзяцей да заняткаў за гэтыя гады?

–  Зараз у асноўным меншыя школьнікі трэніруюцца, а ўжо год з чатырнаццаці іншыя інтарэсы з’яўляюцца – камп’ютары. На жаль, зараз спорт у людзей на другім плане.

Колькі цяпер людзей займаюцца ў клубе?

– Каля сотні. І як казаў, у асноўным меншыя школьнікі. Гэта не толькі ў нас, і ў іншых гарадах такая тэндэнцыя. Прыязджаем на спаборніцтвы: у групах, дзе юныя каратысты, шмат удзельнікаў. А дзе узростам больш за 16 год – зусім мала. Па-ранейшаму выязджаем на розныя турніры. Дзе б ні былі, без медалёў не вяртаемся. А займаемся зараз у зале цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы “Сатурн”.

Вы ж самі выхаванец клуба. А ў вас як з’явілася цікавасць да каратэ?

– Гэта яшчэ да клуба было. Неяк прыехаў Вілейку кубінец, на пляцоўцы ля першай школы паказваў ўдары з каратэ: вядома, большым хлопцам, але і нам, малым, было цікава. Асабліва, як ён удары нагой наносіў. Потым пачалі з’яўляцца кніжкі падпольныя (адразу ж у СССР каратэ быў пад забаронай), па іх крыху вучыліся.

І калі клуб у Вілейцы адкрыўся, то адразу сюды прыйшоў. Адзін год пазаймаўся, потым у армію пайшоў. Адслужыў – і зноў у клубе стаў займацца. А ў 1991 годзе стаў трэнерам.

Што дзецям даюць заняткі каратэ?

– Найперш гэта ўменне пастаяць за сябе. Раскажу такі выпадак. Дзяўчына, што займалася ў  клубе, ехала позна на электрычцы. Адчувае, што ў яе выцягваюць сумку. На дапамогу не паклічаш: у вагоне была адна. І тут яна прафесійна выканала адзін удар – і злодзей збягае. Але заўсёды вучу, каб ніколі свае  магчымасці не прымянялі для нападзення, толькі для самаабароны. Наогул, сапраўдны каратыст пастараецца пазбегнуць бойкі.

Яшчэ заняткі карысныя для загартоўвання дзяцей: мы ж займаемся басанож. Адпаведна, яны менш хварэюць. І увогуле: заняткі каратэ дазваляюць дзецям адчуваць сябе больш упэўнена. Гэтыя заняткі не толькі для самаабароны, а для самасцвярджэння добрыя. Лічу, што яны дапамагаюць потым у жыцці. Нашыя выхаванцы і кіраўнічыя пасады займаюць: напрыклад, начальнік Вілейскага райаддзела ўнутраных спраў Аляксандр Каратыш, начальнік ДРБУ-162 Аляксандр Майстровіч.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Сяргеем Кірыевічам.

←Криштиану Роналду стал лучшим футболистом года по версии Globe Soccer

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика